Навіны 03 жніўня 2000 г.

Ганна Навумовіч, Менск

На паседжаньні Міністэрства аховы здароўя мусіць быць вырашаны далейшы лёс Інстытуту радыяцыйнае мэдыцыны "Белрад". Міністэрства хоча прыпыніць дзейнасьць інстытуту, зьвязаную з вымярэньнямі дозаў радыяцыі, атрыманых беларусамі.

Канфлікт паміж Міністэрствам аховы здароўя і незалежнымі экспэртамі, якія вывучаюць радыяцыйную сытуацыю ў Беларусі, пачаўся ўжо даўно. Экспэртная група, у склад якой уваходзіў і кіраўнік інстытуту "Белрад" Васіль Несьцярэнка, некалькі разоў абвяргала дадзеныя міністэрства. Усе гэтыя факты былі адлюстраваныя ў ня даўна падпісаным Несьцярэнкам адкрытым лісьце, які быў адрасаваны беларускаму грамадзтву й шэрагу міжнародных арганізацыяў. Незалежныя адмыслоўцы знайшлі сур'ёзныя памылкі ў складзеным міністэрскімі спэцыялістамі каталёгу дозаў 1998 году.

Дарэчы, высьветлілася, што ў Беларусі нейкім загадкавым чынам зьнікаюць забруджаныя вёскі. Калі ў каталёгу 92-га году беларусаў, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, было каля 2 мільёнаў, дык у 1998 годзе іх чамусьці стала толькі 56 тысячаў. У каталёгу 92-га году было вызначана больш за тры з паловаю тысячы забруджаных вёсак, у каталёгу 99-га іх засталося толькі 850.

Паводле дадзеных незалежных адмыслоўцаў, радыяцыйныя дозы, якія атрымліваюць жыхары забруджаных раёнаў, у каталёгу 98-га году былі заніжаныя ад 3 да 16 разоў, а ў каталёгу 99-га году – ад 3 да 8 разоў.

У лісьце было сказана, што Міністэрства аховы здароўя працуе паводле састарэлых ускосных мэтодыкаў, у той час як Інстытут "Белрад" ужывае адмысловыя фізычныя лябараторыі, гэтак званыя "лічыльнікі выпраменьваньня чалавека", якія дазваляюць рабіць наўпроставыя вымярэньні атрыманых людзьмі дозаў.

Першая камісія зь Міністэрства аховы здароўя прыйшла ў Інстытут "Белрад" у красавіку сёлета. Чыноўнікі хацелі даведацца, ці мае інстытут ліцэнзіі на выкарыстаньне лябараторыяў, хаця такія ліцэнзіі паводле беларускага заканадаўства непатрэбныя. У ліпені ў інстытут прыйшоў ліст зь Міністэрства аховы здароўя. Міністар Зелянкевіч прапанаваў "Белраду" прыпыніць дзейнасьць інстытуту, зьвязаную зь лічыльнікамі выпраменьваньня чалавека. Ігар Зелянкевіч лічыць, што гэта – мэдычная дзейнасьць, і на яе патрэбная ліцэнзія ягонага міністэрства. У той жа час міжнародныя экспэрты, якія працавалі ў Беларусі на запрашэньне Міністэрства ў справах надзвычайных сытуацыяў, вырашылі, што лябараторыі зьяўляюцца фізычнымі, а не мэдычнымі.

Вынікі сёньняшняе нарады ў Міністэрстве аховы здароўя пакуль невядомыя. Васіль Несьцярэнка спадзяецца, што інстытуту ўсё ж дазволяць праводзіць дасьледваньні ў забруджаных раёнах.