Навіны 01 жніўня 2000 г.

Ігар Карней, Менск

Гэральдычная камісія пры Дзяржаўным камітэце архіваў стварае новую сымболіку для беларускіх гарадоў.

Да канца году кожны раённы цэнтар атрымае адмысловыя сьцяг і гэрб. Пры гэтым распрацоўшчыкамі сымболікі пад увагу бярэцца ня столькі гістарычная спадчына, колькі бачаньне беларускіх рэаліяў цяперашнімі ўладамі.

Чарговая рэвізія нацыянальных сымбаляў адбываецца на падставе ўрадавае пастановы "Аб стварэньні і аднаўленьні гарадзкой гэральдыкі". Паводле старшыні дзяржаўнае гэральдычнае камісіі Сяргея Расадзіна, ужо распрацавана больш за паўсотні гэрбаў і сьцягоў, якія "…адпавядаюць патрабаваньням сёньняшняга дня".

Якая гэта адпаведнасьць, лёгка ўявіць, прыгадаўшы, які выгляд набылі дзяржаўныя беларускія сымбалі пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Можна прагназаваць, што выявы з "Пагоняй", уласьцівай многім старажытным гэрбам Беларусі, на новых сымбалях ня будзе. Ды й сам Расадзін не хавае, што перавагу будуць мець сымбалі, некалі дадзеныя беларускім гарадам расейскай гэральдыяй.

Гаворыць доктар гістарычных навук Сяргей Расадзін:

(Расадзін: ) "Дзяржаўная гэральдычная служба працуе над выкананьнем дзяржаўнае праграмы. Мы маем поўную падтрымку кіраўніцтва і асабіста кіраўніка нашае дзяржавы, які праяўляе зацікаўленасьць у разьвіцьці сымболікі.

Я спадзяюся, што ў недалёкай будучыні гэтая праграма будзе завершаная і выкананая ў поўным аб'ёме. І калі радыкальная апазыцыя абвінавачвае цяперашнюю законную ўладу ў зьневажаньні, няўвазе да гістарычных традыцыяў, дык гэта на практыцы выглядае не зусім так, бо абласныя выканкамы прынялі адпаведныя рашэньні.

Можна доўга гаварыць наконт аднаўленьня гістарычнае спадчыны, а можна рабіць сваю справу. Чым мы і займаемся".

Казаў старшыня гэральдычнае камісіі Сяргей Расадзін.

Між іншым, нават на дзяржаўным узроўні ня ўсе падзяляюць аптымізм дасьледніка Расадзіна. Так, віцебскі выканаўчы камітэт упарта адцягвае ўдзел у масавым пераходзе пад новыя сьцягі, рэкамэндаваныя ўладамі. Насуперак прыкладу астатніх рэгіёнаў, віцебская "вэртыкаль" ставіцца да сумнеўнай ідэі з прыкметным пэсымізмам. Сам Расадзін скардзіцца, што ня мае ўплыву на старшыню выканаўчага камітэту, але задаволены, што гэта толькі выключэньне з правілаў: з астатнімі кіраўнікамі праблемаў няма. Напрыклад, да канца году будзе поўнасьцю здадзены, так бы мовіць, парадны набор гэрбаў і сьцягоў для Гомельскай вобласьці.

Варта адзначыць, што прымусовая сымбалізацыя вядзецца пад асабістым кантролем Аляксандра Лукашэнкі. Непрыміральны да ўсяго нацыянальнага, Лукашэнка яшчэ ў 94-м годзе выдаў дэкрэт "Аб атрыбутыцы Рэспублікі Беларусь", паводле якога ў хуткім часе й былі адноўленыя ганебныя сымбалі часу савецкае Беларусі. Лёс сымбаляў рэгіёнаў з-за адсутнасьці адмысловых дараднікаў быў адкладзены на пэрспэктыву. Дарэчы, яшчэ два гады таму афіцыйна зарэгістраваныя былі толькі 7 гарадзкіх гэрбаў. Са зьяўленьнем новага кіраўніка дзяржаўнае гэральдычнае камісіі Сяргея Расадзіна справа шпарка рушыла зь месца. Вось толькі рух гэты ў сапраўднасьці вельмі падобны на рух назад – у савецкую мінуўшчыну.