Навіны 31 ліпеня 2000 г.

Ігар Карней, Менск

З 1 жніўня Беларуская чыгунка ўводзіць імянныя квіткі на пасажырскія цягнікі, якія накіроўваюцца ў краіны СНД і Балтыі. Такім чынам, больш не засталося напрамкаў, куды беларус можа выехаць на ўмовах, так бы мовіць, ўзаемнага даверу.

Дагэтуль пасьведчаньне асобы патрабавалася ў чыгуначных касах толькі дзеля падарожжаў у Маскву ды эўрапейскія краіны. Іншыя напрамкі не патрабавалі ўнясеньня ў квіткі пашпартных дадзеных. Ад заўтрашняга дня сытуацыя радыкальна зьмяняецца. Незалежна ад выбранага кірунку, зьмест пашпарту будзе ледзь не цалкам дублявацца ў праязным дакумэнце.

У прэсавай службе Беларускай чыгункі мне паведамілі, што непапулярны крок выкліканы выпадкамі спэкуляцыі квіткамі на маршруты, якія карыстаюцца ўстойлівым попытам: Сымферопаль, Калінінград, Мурманск і г.д. Разам з тым, самі супрацоўнікі прэсавай службы з рэальнымі фактамі падобных злоўжываньняў не сутыкаліся, спасылаючыся на тое, што тэарэтычна яны, канешне ж, могуць мець месца. Маўляў, калі перакупшчыкі сталі невырашальнай праблемай для Санкт-Пецярбургу, то ў Менску лепш перастрахавацца загадзя.

"Квіток будзе імянны. Туды будуць занесеныя прозьвішча, імя і імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя. Усё будзе рабіцца на адмысловых машынах, якія друкуюць квіткі. Натуральна, хтосьці за вуглом ня будзе алоўкам нешта запісваць ў гэтыя квіткі,"—паведамілі ў прэсавай службе чыгункі.

Між іншым, непасрэдна на працоўных месцах, у прыватнасьці, у чыгуначных касах, навіну пра наступ на пасажыраў успрынялі, мякка кажучы, стрымана. Касіркі ўпэўненыя, што і без таго вялікія чэргі яшчэ больш расьцягнуцца. Нават пры максімальнай апэратыўнасьці і тэхнічнай дасканаласьці час афармленьня аднаго квітка павялічыцца ўдвая. Адпаведна, замест гадзіны прыйдзецца чакаць усе дзьве. Ускосна гэта ж пацьвердзілі і ў Беларускай чыгунцы. Супрацоўніца, якая адказвала ад імя ўсяго прэсавага цэнтра, распавяла:

"Па часе працэдура пакуль ня вызначаная. Я ня ведаю, які дадатковы час зойме афармленьне квіткоў. Але мы абавязкова будзем паведамляць, калі вымушаная мера сябе не апраўдае, ці наадварот – зьявяцца новыя акалічнасьці ў гэтым накірунку".

Ужо заўтра кожны, хто мае намер набыць квіток на цягнікі далёкіх напрамкаў, будзе мець магчымасьць пераканацца ў неабходнасьці ці непатрэбнасьці радыкальнага кроку кіраўніцтва чыгункі.

Ніхто не аспрэчвае права ведамстваў змагацца з махлярамі. Але, паколькі на сёньняшні дзень да адказнасьці не прыцягнуты ніводзін так званы спэкулянт квіткамі, цярпець ад прафіляктычных захадаў будуць перш за ўсё звычайныя пасажыры.