Навіны 27 ліпеня 2000 г.

Юры Сьвiрко, Менск

Верныя Канстытуцыi 1994 году грамадзяне Беларусi адзначаюць Дзень Незалежнасьцi. Афiцыйныя ўлады сьцьвярджаюць, што сапраўдны Дзень Незалежнасьцi ўжо быў – у пачатку бягучага месяца, 3 лiпеня. Некаторыя замежныя аглядальнiкi называюць Беларусь краiнаю з двума днямi незалежнасьцi. Наш карэспандэнт налiчыў такiх дзён ажно дзесяць…

Распачаць агляд усiх беларускiх дзён незалежнасьцi прыйдзецца зь «першага» дня календару – 1 студзеня 1919 году адбылося афiцыйнае абвяшчэньне пра ўтварэньне Сацыялiстычнае Савецкае Рэспублiкi Беларусь (ССРБ, якую толькi потым зрабiлi БССР). Гэты дзень, якi для бальшыні жыхароў Беларусi проста Новы год, i цяпер лiчаць галоўным сьвятам дзяржавы беларускiя камунiсты.

Але ўжо 2 лютага таго ж 1919 году можна таксама лiчыць пэўным Днём Незалежнасьцi, бо гэтая дата склiканьня I-га Ўсебеларускага зьезду Саветаў, на якiм была прынятая першая Канстытуцыя Савецкае Беларусi й зацьверджаны яе герб. З прычыны нязручнасьцi навагодняе даты камунiсты могуць галоўную ўвагу надаць гэтаму «другому» Дню Незалежнасьцi.

На першы месяц вясны – сакавiк (праўда, папярэдняга – 1918 году) – прыпадае галоўнае сьвята для ўсiх сьвядомых беларусаў сьвету – Дзень Волi, 25 сакавiка. У гэты дзень была абвешчаная незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублiкi. У сёньняшнiм Менску ды iншых буйных гарадох Беларусi пра яго не даюць забыцца масавыя апазыцыйныя акцыi, што ладзяцца штогод.

Масавыя акцыi адбываюцца i ў сярэдзiне лета: y пачатку лiпеня гэта робяць улады, што ўжо чатыры разы пасьля апошняга рэфэрэндуму адсьвяткавалi Дзень Рэспублiкi, якi да таго быў проста днём вызваленьня Менску ад фашыстаў. А ў канцы лiпеня, 27-га, традыцыйную дэманстрацыю зьбiрае апазыцыя. Сёньня гэта будзе юбiлейнае сьвяткаваньне – з дня ўхваленьня Вярхоўным Саветам Дэклярацыi дзяржаўнага сувэрэнiтэту Беларускае Савецкае Сацыялiстычнае Рэспублiкi прайшло 10 год.

Мiж тым, мала хто ведае пра трэцi лiпеньскi i «шосты» ў гэтым аглядзе Дзень Незалежнасьцi. 31 лiпеня 1920 году была ўхваленая Дэклярацыя пра абвяшчэньне незалежнасьцi Савецкае Сацыялiстычнае Рэспублiкi Беларусь – як гаварылася ў першым сказе гэтага дакумэнту, "краiны беларускiх, расейскiх, польскiх i габрэйскiх рабочых i сялянаў". Таму ў блiжэйшы панядзелак выпаўнiцца 80 год першай савецкай дэклярацыi Незалежнасьцi Беларусi.

«Сёмым» Днём Незалежнасьцi можна лiчыць 25 жнiўня 1991 году, калi адразу пасьля путчу ГКЧП ў Маскве Дэклярацыi 27 лiпеня папярэдняга году быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Дарэчы, ва Ўкраiне афiцыйны Дзень Незалежнасцi быў перанесены з 16 лiпеня 1990 году – дня зьяўленьня iхнае Дэклярацыi Незалежнасьцi – на 24 жнiўня 1991 году, калi дэклярацыя таксама стала канстытуцыйным законам.

«Восьмым» днём магло б стаць 17 верасьня 1939 году, калi да БССР была далучаная Заходняя Беларусь. Хоць гэта сталася дзякуючы пакту Молатава–Рыбэнтропа, а Беласток пасьля вайны Савецкi Саюз аддаў Польшчы, ўсё ж такi Берасьцейшчына ды Гарадзеншчына ўзьядналiся з бальшавiцкай бальшынёю беларускiх земляў.

«Дзявяты» беларускi Дзень Незалежнасьцi – гэта 19 верасьня 1991 году, калi Беларуская ССР была перайменаваная ў Рэспублiку Беларусь, а герб "Пагоня" ды бел-чырвона-белы сьцяг сталi афiцыйнай дзяржаўнай сымболiкаю.

I нарэшце, «дзясяты», а можа, самы галоўны не ў сымбалiчнасьцi, а ў сутнасьцi ды рэальным зьмесьце, Дзень беларускае Незалежнасьцi, – гэта 8 сьнежня 1991 году, калi ў белавескiх Вiскулях быў скасаваны Савецкi Саюз. Толькi пасьля гэтае падзеi Рэспублiку Беларусь пачалi прызнаваць незалежнай дзяржаваю iншыя краiны.