Навіны 24 ліпеня 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Фактычна завершанае сьледзтва ў справе Юліі Чыгір, якую абвінавачваюць ў аказаньні супраціву і стварэньні перашкодаў міліцыі. Сьледчым хапіла двух тыдняў, каб сабраць доказы віны жонкі былога прам'ера Беларусі.

Сёньня Юлія Чыгір была выкліканая да сьледчага, але ўжо не на допыт, а для азнаямленьня з матэрыяламі справы, якую ўзбудзіла супраць яе Фрунзенская пракуратура Менску. Гэта азначае, што расьсьледаваньне фактычна завершанае. Двух тыдняў хапіла сьледчаму Зьміцеру Шкарпуту, каб сабраць доказы віны жонкі Чыгіра, якая ў апошні дзень суду над яе мужам, баронячы сябе, у сутычцы з міліцыяй укусіла за вуха маёра Амельчанку.

Зь якімі дакладна матэрыяламі знаёмілася Юлія Чыгір, яна распавесьці ня можа, паколькі існуе тайна сьледзтва. А вось даць ацэнку сабраным сьледчым доказам яна бярэцца.

(Юлія Чыгір: ) "Што тут можна ацэньваць, калі я праз тыдзень пасьля таго, як напісала сваю заяву, як мяне першы раз паклікалі да сьледчага пракуратуры. Я ўзяла з сабой трох сьведкаў, якія былі там на месцы. Але сьледчы ня стаў дапытваць іх, сказаўшы, што такой неабходнасьці пакуль няма".

Юлія Чыгір па-ранейшым адмаўляецца перадаць сьледзтву відэастужку падзеяў, якія будуць разьбірацца ў судзе. Жонка экс-прам'ера сьцьвярджае, што міліцыянты, якія сьведчаць супраць яе, знаходзіліся зусім ў іншых месцах, што бачна на стужцы, якую яна прадаставіць суду. Увогуле, Юлія Чыгір перакананая, што сутычка грамадзянаў з міліцыяй 19 траўня на ганку гарадзкога суду была падрыхтаванай правакацыяй супраць сям'і Чыгіроў.

(Юлія Чыгір: ) "Там яскраава відаць, як правакуюць Лёшу на проціпраўныя дзеяньні і як хочуць паставіць на калені майго малодшага сына Сашу. Таму я не шкадую, што ў той момант патрабавала іхнага допуску да судовага працэсу. Я хацела, каб дзеці былі побач са мной. Я ўберагла іх ад проціпраўных дзеяньняў міліцыі да іх".

Юліі Чыгір цяпер пагражае пазбаўленьне волі за аказаньне супраціву міліцыі. Як толькі жонка экс-прам'ера завершыць азнаямленьне з матэрыяламі, справа будзе перададзеная ў Фрунзенскі раённы суд. Сьледчы Зьміцер Шкурбіта, які вёў расьсьледаваньне, не выключае, што гэта адбудзецца ўжо на гэтым тыдні. Сам сьледчы заявіў Радыё Свабода, што доказаў віны Юліі Чыгір сабраў дастаткова.