Навіны 24 ліпеня 2000 г.

Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня аб'яднаная дэмакратычныя апазыцыя прэзэнтавала стратэгію супольных дзеяньняў падчас выбарчай кампаніі. У агульных рысах плян, у ажыцьцяўленьні якога будуць удзельнічаць партыі й грамадзкія аб'яднаньні, што ўваходзяць ў Каардынацыйную Раду дэмакратычных сілаў, складаецца з трох частак: усенароднае апытаньне, інтэлектуальныя акцыі ды масавыя вулічныя акцыі.

Пра стратэгію супольных дзеяньняў журналістам распавялі лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, кіраўнік Аб'яданай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Уладзімер Нісьцюк.

Прысутныя замест слова «выбары» ўжывалі, пераважна, выраз «восеньскі фарс». Яны чарговым разам канстатавалі: марна спадзявацца, што выбары ў сёньняшніх умовах пройдуць свабодна й дэмакратычна. Паводле вызначэньня Анатоля Лябедзькі, кампанія праходзіць на палітычным полі Лукашэнкі, а гэта значыць, – зазначыў спадар Лябедзька, – што вядзецца гульня без правілаў. Адначасна, беларускія апазыцыянэры перакананыя, што восеньскія выбары зьяўляюцца моцным палітычным сцэнаром, ігнараваць які для апазыцыі было б недальнабачна.

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў утварыла тры працоўныя групы, якія будуць займацца правядзеньнем усенароднага апытаньня, падрыхтоўкай інтэлектуальных імпрэзаў і арганізацыяй вулічных акцыяў.

Групу, якая займаецца падрыхтоўкай апытаньня, узначальвае Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Усе апытаньні і наш штодзённы досьвед паказваюць, што чатыры ўмовы правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў адназначна знаходзяць падтрымку ў народзе. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што падтрымка гэтых чатырох вымогаў дасягае 60-65-70 адсоткаў. Таму відавочна, што ня ўдзельнічаючы ў антыдэмакратычным фарсе, мы ставім перад сабой задачу выкарыстаць гэтую фарсавую кампанію для далейшага дамаганьня дэмакратызацыі сытуацыі ў краіне. Адным са спосабаў такога дамаганьня і будзе ўсенародная кампанія ці апытаньне пад пакуль што ўмоўным назовам "народны рэфэрэндум". Чатыры ўмовы будуць сфармуляваныя ў выглядзе чатырох пытаньняў. Мы не сумняемся, што здабудзем станоўчы адказ на ўсе чатыры пытаньні, і тым самым створым варункі для аслабленьня пазыцыі кіроўнай клікі".

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, Анатоль Лябедзька патлумачыў сутнасьць інтэлектуальнай часткі стратэгіі агульных дзеяньняў:

(Лябедзька: ) "Гэта будзе і правядзеньне беларуска-расейскага двухбаковага стала ў пытаньні беларуска-расейскіх узаемаадносінаў, магчыма, прыезд у Беларусь шэрагу вядомых палітыкаў. Папярэдне гучаць такія прозьвішчы, як Лех Валэнса, Маргарэт Тэтчар. Гэта будзе ноў-хаў, як мы будзем працаваць з новымі плястамі насельніцтва, і мэтады, якія мы пакуль што не скарыстоўвалі".

Што да вулічных акцыяў, то яны пройдуць у 22-х гарадах Беларусі. Усе масавыя мерапрыемствы будуць прымеркаваныя да, як было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі, ключавых датаў восеньскага фарсу.