Навіны 24 ліпеня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Карэспандэнт менскага бюро ОРТ Зьміцер Наважылаў лічыць абсалютна беспадстаўнымі абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён і кіраўніцтва тэлекампаніі хаваюць нейкую інфармацыю, што датычыць зьнікненьня апэратара Зьміцера Наважылава. Наважылаў сьцьвярджае, што такім чынам улады спрабуюць пераканаць грамадзкую думку, нібыта зьнікненьні людзей ў Беларусі ёсьць правакацыяй спэцслужбаў Захаду.

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў у пятніцу кіраўніцтва ОРТ і асабіста Зьміцера Наважылава ў тым, што яны ня хочуць дапамагаць сьледзтву ў пошуках Завадзкага. Маўляў, супрацоўнікі ОРТ валодаюць пэўнай інфармацыяй пра лёс зьніклага апэратара і маўчаць. Лукашэнка, ў прыватнасьці, сказаў, што ў Маскве затрыманы чалавек, які прапаноўваў за грошы інфармацыю пра Завадзкага. А ўчора транспартны пракурор Беларусі Мікалай Карлюк паведаміў, што ў Маскве затрыманы дагестанец, які нібыта патрабаваў за вызваленьне апэратара ОРТ два з паловай мільёны даляраў.

Сёньня я зьвязаўся зь менскім бюро ОРТ і папрасіў самога Зьміцера Наважылава пракамэнтаваць гэтую заяву Лукашэнкі. Вось ягонае меркаваньне:

(Наважылаў: ) "Для мяне самога вельмі дзіўна было пачуць з вуснаў прэзыдэнта, што я маю нейкую інфармацыю і не кажу пра яе. Мы былі ў пракуратуры, у тым ліку і пра тэлефон ад невядомага, і касэту з запісам гэтай размовы, мы перадалі ў пракуратуру ў той жа дзень. Што датычыць выкупа, дык сапраўды ў Маскве затрыманы двойчы судзімы за махлярства дагестанец, які, нібыта, меў касэту з запісам Завадзкага, але яна аказалася пустая".

Разам з тым менскі карэспандэнт ОРТ абверг абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Паўла Шарамета, які, нібыта, замест таго, каб адразу заявіць пра зьнікненьне Зьміцера ў міліцыю ці пракуратуру (цытую): "…бадзяўся недзе цэлы дзень і прасіў БДГ друкаваць партрэты Завадзкага". (канец цытаты). Паводле ж словаў сп.Наважылава, Шарамет заявіў пра зьнекненьне свайго калегі ў міліцыю ў той жа дзень. Менскі карэспандэнт ОРТ таксама заявіў, што не адпавядаюць сапраўднасьці й цьверджаньні Лукашэнкі пра тое, што кіраўніцтва тэлекампаніі нібыта хавае ад сьледзтва нейкую інфармацыю пра Завадзкага.

Навошта ж уладам спатрэбілася гэтая кампанія абвінавачваньняў на адрас Грамадзкага расейскага тэлебачаньня? Зьміцер Наважылаў працягвае:

(Наважылаў: ) "Мне проста здаецца, што сьледчыя прызнаюць, што справа вельмі і вельмі цяжкая, што ніякіх сьлядоў няма, і можа проста рыхтуюць нейкі варыянт адыходу, калі Завадзкага так і ня знойдуць, проста спаслацца на тое, што гэта дзейнасьць амэрыканскіх спэцслужбаў, Завадзкі, Ганчар і Захаранка недзе адпачываюць".

Аляксандар Лукашэнка таксама казаў пра незразумелыя паводзіны жонкі Завадзкага Сьвятланы, якая нібыта прыйшла ў пракуратуру толькі на трэці дзень пасьля яго зьнікненьня. А галоўны транспартны пракурор Карлюк безапэляцыйна заявіў, што неўзабаве Зьміцер Завадзкі будзе знойдзены. Сьвятлана Завадзкая назвала хлусьнёй абвінавачаньні Лукашэнкі на свой адрас. Паводле словаў Сьвятланы, яе ўпершыню выклікалі ў пракуратуру толькі 11 ліпеня, і хаця яна вельмі дрэнна сябе адчувала, ужо 12 ліпеня прыйшла на допыт да сьледчага. А над заявай Мікалая Карлюка пра тое, што Завадзкі будзе хутка знойдзены, ягоныя падначаленыя, паводле словаў Сьвятланы, толькі сьмяюцца, называючы свайго шэфа казачнікам.