Навіны 20 ліпеня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Заява адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пра дэструктывізм беларускіх прафсаюзаў выклікала абурэньне прафсаюзных дзеячаў. Яны разглядаюць дакумэнт уладаў як чарговую спробу фальсыфікацыі прафсаюзнае дзейнасьці ў вачох айчыннае ды міжнароднае грамадзкасьці.

Антыпрафсаюзны выпад лукашэнкавай адміністрацыі сёньня шырока абмяркоўваўся ў прафсаюзных колах. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук:

"Улада адчула, што на сёньняшні дзень народ незадаволены ейнай палітыкаю. І калі прафсаюзы паўсталі ў абарону працоўных масаў, чыноўнікам гэта пачало моцна не падабацца. Яны вырашылі вярнуць прафсаюзны рух пад свой кантроль. Сваёй цяперашняй заяваю ўлады вырашылі дэзавуяваць наступствы нядаўняга візыту ў Беларусь прадстаўнічае дэлегацыі Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, якая вывучала супольную скаргу дэмакратычных прафсаюзаў і Фэдэрацыі прафсаюзаў з нагоды парушэньняў іхных правоў. Абодва прафсаюзныя цэнтры краіны ў адзін голас заявілі, што ў Беларусі груба парушаюцца канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, якія зьяўляюцца базавымі ў правох прафсаюзаў, правох чалавека, правох грамадзянаў", – зазначыў Уладзімер Макарчук.

Дарэчы, прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў пакуль ня бачаць станоўчых зрухаў у дзеяньнях уладаў, скіраваных на спыненьне парушэньняў. У прыватнасьці, няма аніякага прагрэсу з рэгістрацыяй прафсаюзных суполак. Напрыклад, Свабодны прафсаюз мэталістаў па-ранейшаму вядзе ўпартае змаганьне за йснаваньне сваіх першасных арганізацыяў на такіх прадпрыемствах як МТЗ й МАЗ.

Між тым, адміністрацыя Лукашэнкі, як вынікае са зьместу ейнае заявы, лічыць гэта становішчам, якое адпавядае нормам дэмакратычнае краіны. Вось чаму, на думку Ўладзімера Макарчука, згаданы дакумэнт фальсыфікуе цяперашнюю беларускую сытуацыю і дзеяньні сяброў Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Новая хваля антыпрафсаюзнае гістэрыі з боку ўладаў выклікае адмоўнае стаўленьне і ў прадстаўнікоў афіцыйных прафсаюзаў. Лідэр прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук быў адным з тых, хто паставіў свой падпіс пад зваротам да міжнароднае прафсаюзнае супольнасьці, каб тая абараніла беларускія прафсаюзы ад дзяржаўнага ўмяшаньня. І таму абвінавачваньні ўладаў у дэструктыўнасьці пазыцыяў некаторых прафсаюзных кіраўнікоў маюць дачыненьне й да ягонай асобы. Вось што ён патлумачыў нашаму радыё:

"Да гэтага, сапраўды, прымусілі абставіны. Я – чалавек ня з шэрагу баязьлівых. Але ж на мяне напярэдадні нядаўняга прафсаюзнага зьезду пачаўся моцны наезд рэпрэсіўнае машыны. Многія мае паплечнікі па прафсаюзнай арганізацыі таксама адчулі на сабе гвалт уладаў. І таму зварот па дапамогу да міжнароднае грамадзкасьці быў цалкам апраўданым. І тая салідарнасьць, праяўленая міжнароднай прафсаюзнай грамадзкасьцью, у многім і вызначыла вынік зьезду", – мяркуе пераабраны лідэр вясковых прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.