Навіны 19 ліпеня 2000 г.

Казімер Яноўскі, Гомель

33 работнікі Жыткавіцкае раённае спажывецкае каапэрацыі захварэлі на сальманэлёз пасьля раённага "Сходу перадавікоў" гэтае галіны, які зьбіраўся якраз напярэдадні Міжнароднага дню каапэрацыі і завяршыўся ў мясцовай рэстарацыі «Белая Русь».

Першыя пацярпелыя сталі зьвяртацца па мэдычную дапамогу ўжо праз суткі пасьля сходу. Скаргі былі падобнымі: хваравіты стан, высокая тэмпэратура, болі ў жываце, ваніты…

За першую палову ліпеня на ложках інфэкцыйнага аддзелу раённае больніцы з дыягназам сальманэлёз апынуліся 24 работнікі гандлю й грамадзкага харчаваньня, 13 зь іх знаходзяцца тут і сёньня. Яшчэ дзевяцёра з больш лёгкай формаю хваробы лячыліся амбуляторна. У ліку захварэлых пераважна начальнікі спажывецкае каапэрацыі ды арганізатары сьвяточнага сходу, паколькі шэраговых ў рэстарацыю на неафіцыйную частку амаль не запрашалі.

Старшыня раённае спажыўкаапэрацыі Анатоль Старацітараў быў у адпачынку, а вось ягонага загадчыка аддзелу кадраў Аляксандра Казлова, эканаміста Мілю Кашавую сальманэлёз не мінуў, як не мінуў ён і старшыню раённага камітэту прафсаюзу работнікаў спажывецкае каапэрацыі Тацяну Грынюк, дырэктара Марахораўскае сельскае спажыўкаапэрацыі спадарыню Ханеню ды іншых кіраўнікоў.

Начальства ў поўнай меры зьведала якасць абслугоўваньня сваёй сыстэмы грамадзкага харчаваньня.

Бактэрыялягічныя ж даследаваньні цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі паказалі, што прычынаю хваробы стала інфіцыяванае мяса, зь якога (з парушэньнем тэхналёгіі) былі прыгатаваныя «каўбаскі па-магілеўскі». Усе 75 удзельнікаў гулянкі не захварэлі хутчэй за ўсё толькі таму, што гэтыя самыя каўбаскі падавалі ў рэстарацыі напрыканцы застольля, калі многія ўжо падсілкаваліся.

Успышка сальманэлёзу ў асяродку каапэратараў стала тэмаю абмеркаваньня 17 ліпеня на паседжаньні раённага выканкаму. У выніку вызваленая ад пасады дырэктарка рэстарацыі «Белая Русь» Вольга Катлярчук, старэйшая кухарка Людміла Купрацэвіч і шэраговая кухарка спадарыня Атрошчанка. Да гэтага санітарная служба раёну аштрафавала іх адпаведна на 15-13 тысячаў рублёў.

Рэстарацыя і кандытарскі цэх зачынілі на прафіляктыку. Усіх работнікаў, што мелі дачыненьне да рэалізацыі прадуктаў, накіравалі на абсьледаваньне й лячэньне.

Але праблему наўрад ці можна лічыць вырашанаю. Паводле сьведчаньня галоўнага лекара цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ўладзімера Зінчанкі, ягоная служба штогод выбракоўвае ў крамах і сталоўках раёну 3-4 тоны прадуктаў. Сёлета, да прыкладу, штафаваліся за дрэнны санітарны стан, няякасныя прадукты, парушэньне тэхналёгіі прыгатаваньня ежы загадчыцы сталовак: Ленінскае сярэдняе школы Валянціна Друк, Хваенскае –Тацяна Ханеня, Беразьнякоўскае базавае – Аўдоцьця Нікановіч.

Спагнаньні атрымоўвалі таксама дырэктарка грамадзкага харчаваньня раённага цэнтру Валянціна Беразінец і ўжо знаёмая нам дырэктарка рэстарацыі «Белая Русь» спадарыня Катлярчук.

І вось зноў – здарэньне, гэтым разам надзвычайнае і маштабнае.