Навіны 06 ліпеня 2000 г.

Маскім Лукашэвіч

Прадстаўнікі нямецкага Бундэстагу запрасілі для сустрэчаў дзьве дэлегацыі з Беларусі – апазыцыйную і афіцыйную. У складзе афіцыйнай дэлегацыі былі Анатоль Красуцкі, Сяргей Посахаў і Павал Якубовіч. Беларускую апазыцыю ў Бэрліне прадстаўлялі Сямён Шарэцкі, Вінцук Вячорка, Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч, Юры Беленькі і Аляксандар Дабравольскі. З прадстаўнікамі Беларусі ў Бэрліне сустракаліся дэпутаты Бундэстагу, прадстаўнікі фінансавых колаў і палітычных партыяў Нямеччыны. Мы патэлефанавалі ў Бэрлін Вольфгангу Бэрэндту, дэпутату Бундэстагу, кіраўніку групы ў справе Беларусі парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

(Карэспандэнт: ) "Чым выкліканая неабходнасьць запрашэньня дзьвюх дэлегацыяў у Бундэстаг?"

(Бэрэндт: ) "Мы вырашылі запрасіць абодва бакі, каб пабачыць, наколькі мы можам ім дапамагчы ў вырашэньні канфлікту. Сёньня пад час сустрэчаў урадавы бок сьцьвярджаў, што ён выканаў усе ўмовы для правядзеньня свабодных выбараў, але апазыцыя сьцьвярджае адваротнае – па-ранейшым для прадстаўнікоў апазыцыі няма доступу да мас-мэдыяў, няма перамоваў з уладамі".

(Карэспандэнт: ) "Якая Вашая думка наконт гэтага?"

(Бэрэндт: ) "Я б хацеў патлумачыць урадаваму боку, што ён павінен датрымліваць тыя абавязальніцтвы, якія даў у Стамбуле. У канцы ліпеня я ізноў паеду ў Менск, каб паспрабаваць пераканаць у гэтым беларускі ўрад".

(Карэспандэнт: ) "А калі ня здолееце гэтага зрабіць?"

(Бэрэндт: ) "Калі пазыцыя беларускіх уладаў ня зьменіцца, я буду рэкамэндаваць не прадстаўляць Беларусі статус спэцыяльнага госьця ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, а пакінуць ўсё, як ёсьць. Наш галоўны крытэр – правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў.
У канцы жніўня ізноў адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў Рады Эўропы і АБСЭ для канчатковага рашэньня – пасылаць ці не пасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь, і калі не, дык трэба будзе пачынаць думаць пра эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Бо калі з боку ўладаў ня будзе зьменаў, дык абавязак Эўропы падумаць пра эканамічныя санкцыі. Гэта адзіны спосаб, як мы можам выказаць нашае незадавальненьне і, бадай, адзіны сродак, які беларускія ўлады зразумеюць".

Гутарыў