Навіны 28 чэрвеня 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

390 тысячаў рублёў штрафу – такі прысуд вынесены арганізатару несанкцыянаванага пікету супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога выканкаму Ўладзімеру Раманоўскаму. Штраф памерам 20 мінімальных заробкаў паводле судовага рашэньня павінна выплаціць удзельніца пікету Галіна Ганчарык, а Людміла Бажок атрымала папярэджаньне. Справа Аляксея Радзівонава спыненая.

Напачатку паседжаньня судзьдзя Алена Тройніч зачытала прысуд намесьніку старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімеру Раманоўскаму, які абвінавачваўся ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Вось што ён распавёў нашаму Радыё:

"У мяне склалася ўражаньне, што судзьдзя прымала рашэньне не паводле ўласнага перакананьня. Сёньня чалавек, які жыве ў нашым грамадзтве, ня можа не разумець, што ў нас ствараецца сыстэма, якая нас жа й зьнішчыць. Мы гэта ўжо праходзілі ў 30-я гады. Мне шкада нас усіх, калі мы ўдзельнічаем у пабудове такое сыстэмы", – паведаміў Уладзімер Раманоўскі.

Потым суд разгледзеў адміністрацыйную справу Аляксея Радзівонава. Гэты сталы чалавек выпадкова трапіў на пікет, бо, калі ішоў па вуліцы, заўважыў знаёмых і падыйшоў да іх. Ён ня ведаў, што пікет несанкцыянаваны. Паколькі гэта пацьвердзілі ўсе сьведкі, справу супраць Радзівонава суд спыніў.

У справе Галіны Ганчарык сьведка з боку міліцыі падпалкоўнік Андрэй Мухтараў даў такія тлумачэньні: "грамадзкі парадак пікетоўцы не парушалі. Яны парушылі толькі артыкул Адміністрацыйнага кодэксу. Паводзілі сябе прыстойна, таму мы іх і не затрымлівалі, пакуль іх пікет ня скончыўся".

Паколькі судзьдзя вызначыла пікет лічыць несанкцыянаваным, дык аштрафавала Галіну Ганчарык на 20 мінімальных заробкаў. Сябра Рады АГП Галіна Ганчарык так пракамэнтавала гэтае рашэньне:

"Мне далі штраф 20 мінімальных заробкаў, а пэнсія ў мяне 23 тысячы рублёў. Гэта дзьве мае пэнсіі. А калі ўлічыць, што я інвалід ІІІ групы, дык можна ўявіць, наколькі гэта цяжка для мяне. Я буду абскарджваць рашэньне суду ў вышэйшыя інстанцыі", – распавяла Галіна Ганчарык.

Апошняю была разгледжаная справа Людмілы Бажок. Судзьдзя ўлічыла, што яна часова беспрацоўная, мае на ўтрыманьні 14-гадовага сына, і вынесла папярэджаньне.

"Чыкін зьяўляецца сакратаром камуністычнае партыі. [Дзяржаўнымі чыноўнікамі] мусяць быць людзі, якія не зьяўляюцца сябрамі партыяў. Дэмакратаў адпраўляюць на "Сабачы" пляц, а камуністы – могуць амэрыканскую амбасаду пікетаваць", – паведаміла Людміла Бажок.

Уладзімер Раманоўскі паведаміў, што таксама будзе абскарджваць судовае рашэньне. У сваёй скарзе ён мае намер прасіць суд узяць зь Менскага гарадзкога выканкаму копію пісьмовага дазволу на пікетаваньне ля амэрыканскай амбасады, які атрымала ад гарадзкіх уладаў пракамуністычная партыя Баранкевіча.