Навіны 26 чэрвеня 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

У нядзелю пад час сустрэчы прадстаўнікоў Менскае раённае Рады БНФ з жыхарамі вёскі Бараўляны міліцыянты затрымалі Генадзя Таляронка, намесьніка старшыні раённае Рады БНФ. Сёньня яго выклікалі ў міліцэйскі пастарунак і склалі пратакол паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі).

Учора ўвечары сябры БНФ Генадзь Таляронак, Юрась Зямчонак і Сяргей Абакунчык каля анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах сустракаліся зь мясцовымі жыхарамі. Сабралася вялікая колькасьць людзей, задавалі шмат пытаньняў.

Раптам у натоўпе зьявіліся міліцыянты, схапілі Генадзя Таляронка, які трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг, і пацягнулі ў міліцэйскі пастарунак. Там Генадзь Таляронак заявіў, што, паколькі зьяўляецца пацыентам анкалягічнага шпіталю, дык ня можа доўгі час знаходзіцца ў пастарунку. Супрацоўнікі раённае міліцыі склалі рапарты затрыманьня і адпусьцілі яго. Але пры гэтым паведамілі, што трэба будзе зьявіцца ў пастарунак на наступны дзень.

Сёньня Генадзь Таляронак наведаў РАУС. Там начальнік аддзелу міліцыі паведаміў, што ўчора Таляронак нібыта парушыў заканадаўства паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі) і склаў на яго пратакол.

Колькі ні тлумачыў кандыдат навук міліцыянту, што аніякага парушэньня заканадаўства не было – ніякага выніку гэта не прынесла. Копію пратакола ў міліцыі даць адмовіліся – маўляў, самі накіруюць яго ў суд. Урэшце рэшт хворы чалавек вымушаны быў ехаць у міжраённую пракуратуру, каб там скласьці скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык так пракамэнтаваў гэтую сітуацыю:

"На вялікі жаль, гэтая сытуацыя традыцыйная – справа ў тым, што сёньняшняя ўлада зьяўляецца сапраўды акупацыйнай і вельмі нэрвова рэагуе на праяву беларускасьці, у тым ліку – на бел-чырвона-белы сьцяг. На вялікі жаль, мы будзем сутыкацца з такімі фактамі, пакуль тут будзе рэжым Лукашэнкі. Сьцяг зьяўляецца сымбалем Беларусі, таму ў першую чаргу атака скіравана на чалавека, які трымае сьцяг. І так ёсьць у нашай краіне, на вялікі жаль, зь 95-га году", – паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

Бел-чырвона-белы сьцяг Генадзю Таляронку аддаць адмовіліся. Спаслаліся на тое, што ён можа спатрэбіцца як рэчавы доказ віны.