Навіны 21 чэрвеня 2000 г.

Юлія Дранчук, Менск

Газэце "Беларуская маладзёжная" адмовілі ў правядзеньні традыцыйнага фэстывалю "Купальле зь "Беларускай маладзёжнай". Пачынаючы з 1994 году, гэты фэстываль праходзіў у Менску штогод на прыканцы чэрвеня.

Менскія гарадзкія ўлады не дазволілі правядзеньне імпрэзы, спасылаючыся на пратакол паседжаньня аргкамітэту пад кіраўніцтвам Замяталіна ў справе сьвяткаваньня гадавіны вызваленьня Беларусі й Дня незалежнасьці. Згодна з адказам намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна, які атрымала рэдакцыя, перад сьвяткаваньнямі 1-3 ліпеня ў парку Горкага, дзе звычайна ладзілі "Купальле", будзе праводзіцца частковы рамонт лавак і дарожак. Цікава, што сама адміністрацыя парку ня ведае пра гэтыя намеры гарадзкіх уладаў, бо дала згоду на правядзеньне ў гэтыя дні музычнай акцыі.

Адмову гарадзкога выканкаму камэнтуе рэдактарка "Беларускае маладзёжнай" Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) "Мне вельмі прыкра, што нашыя цяперашнія ўлады падзялілі на "чэсных" і "нячэсных" ня толькі журналістаў, палітычных і грамадзкіх дзеячаў, але нават маладзёвыя мерапрыемствы. Мы будзем настойваць на прадаўжэньні гэтай традыцыі. Канешне, гарвыканкам усё робіць так, каб мы не пасьпелі спраўдзіць свае намаганьні ў купальскія дні, каб мы забраліся куды-небудзь пад дах, правялі імпрэзу ў невялічкім зальчыку месцаў на 500, зь білетамі. Але не: гэта – традыцыя вулічных маладзёвых фэстываляў, маладзёвага сьвята. Гэта – тое, чым павінна займацца маладзёвая газэта. Яна будзе гэтым займацца.

Сёньня мы напісалі ў гарвыканкам яшчэ адну заяву – яны пасьпяваюць разгледзець яе – каб яны перанесьлі фэстываль на 6 ліпеня, напрыклад. Шкада: мы тут перасячэмся з праваслаўным днём Івана Купалы, мы не хацелі гэтага рабіць, мы заўсёды сваё сьвята прымяркоўваем да астралягічнага Купальля, каб не пакрыўдзіць ні тую, ні іншую канфэсыю.

У 96г. на адным з фэстываляў мы кінулі дэвіз: "Будзьце аптымістамі – нараджайце дзетак!" Дык вось: нашыя хлопцы і дзяўчаты нараджаюць новае пакаленьне, якое ня будзе жыць у цемрашальстве. І нашая газэта, нашыя фэстывалі ўсяляк будуць спрыяць надыходу новых часоў, новага неба, новага пакаленьня."

Гаварыла Тацяна Мельнічук.