Навіны 07 чэрвеня 2000 г.

Кастусь Бандарук

Насуперак заявам расейскага боку пра амаль поўны разгром чэчэнскіх партызанаў, ледзь ня кожны дзень паведамляецца пра ўсё новыя атакі чачэнцаў, пераважна з засады, на фэдэральныя сілы. Разцярушаныя невялікія групы чэчэнцаў вядуць тыповую партызанскую вайну, неспадзявана наносяць удары і адступаюць. Гэта мае непасрэдны ўплыў на зьмену тону расейскага камандаваньня і зьяўленьне заклікаў да перамоваў.

Толькі за апошнія 24 гадзіны шэраг атакаў на расейскія канвоі і кантрольна-прапускныя пункты мелі месца ў паўночнай частцы рэспублікі, нібыта, поўнасьцю кантраляванай фэдэральнымі сіламі. Учора чэчэнскі бок паведаміў пра атаку з засады на канвой каля вёскі Хамбі-Ірзэ. У інтэрвію гішпанскаму агенцтву навінаў прэзыдэнт Масхадаў паведаміў, што ў сутычцы каля паселішча Курчалой загінулі 40 расейскіх дэсантнікаў. Расейскае камандаваньне пацьвердзіла як мінімум 19 такіх атакаў, аднак пра ахвяры не паведамлялася. Адначасова за мінулыя суткі расейскія самалёты і верталёты правялі 40 баявых вылетаў у лясных і горных раёнах рэспублікі. Учора расейскае камандаваньне прызнала, што ў паўднёвых раёнах Чачні яшчэ засталіся каля 1500 партызанаў.

На фоне гэтых падзеяў, камандуючы расейскімі сіламі на Паўночным Каўказе генэрал Трошаў выступіў з важнай палітычнай заявай. Генэрал заявіў, што "фактычна армія выканала сваё заданьне". Ён заклікаў да неадкладных перамоваў і заканчэньня 9-месячнай вайны. "Палітыкі, якія пачалі вайну, павінны яе і закончыць", – сказаў Трошаў і адзначыў, што дзейнічаць у гэтым накірунку трэба было нашмат раней. Адначасова ён выключыў магчымасьць перамоваў з прэзыдэнтам Масхадавым і такімі палявымі камандзірамі, як Басаеў і Хатаб. На думку генэрала "прэзыдэнт Масхадаў пакінуў свой народ і стаў на баку бандытаў", і таму ён павінен быць адхілены ад ўлады. Трошаў прапанаваў правесьці ў Чачні рэфэрэндум у пытаньні палітычнай будучыні кіраўніцтва краіны. У якасьці новага кіраўніка дзяржавы ён бачыў бы ісламскага лідэра – муфція Ахмээда Хаджы Кадырава. Кадыраў даўжэйшы час падтрымоўваў Масхадава, аднак летась ён стаў на баку Масквы. Кадыраў абвінаваціў прэзыдэнта ў тым, што той ня здолеў прадухіліць пашырэньне ісламскага экстрэмізму і гвалту ў рэспубліцы.

Аднак палітычны аглядальнік з маскоўскага Цэнтру Карнэгі Аляксей Малашэнка лічыць, што ні Кадыраву, ні Масхадаву, ні любому іншаму прамаскоўскаму або нэўтральнаму лідэру ня ўдасца кансалідаваць грамадзтва. Чэчэнскі народ глыбока падзелены ня толькі ў выніку дзвюх апошніх войнаў з Расеяй, але й ўнутраных канфліктаў. На думку некаторых аглядальнікаў, у прыватнасьці Сімана Сарадзяна з "Moscow Times", заклік да палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Чачні з боку генэралаў сьведчыць аб пераацэнцы іхных магчымасьцяў. Яшчэ некалькі тыдняў таму той жа генэрал Трошаў перасьцерагаў палітыкаў, каб тыя ня ўмешваліся ў ваенную апэрацыю і не спрабавалі спыніць яе. Фэдэральныя сілы паступова пераймалі пад свой кантроль ўсю тэрыторыю рэспублікі, але як і можна было прадбачыць, чэчэнскія партызаны не склалі зброю.

Расейскі бок прызнае, што ў выніку апэрацыі больш як 2200 расейскіх вайскоўцаў загінулі і 6500 параненыя. Аднак улічваючы факт, што абодва бакі заўсёды заніжалі свае страты, можна меркаваць, што ахвяраў было значна болей. У выніку неспадзяваных нападаў з засады ня раз гінулі па некалькі дзесяткаў чалавек. "Генэрал Трошаў і начальнік штабу ўзброеных сілаў Квашнін, якія заявілі, што вайсковая частка апэрацыі супраць тэрарыстаў закончаная, разумеюць, што ў партызанскай вайне ім ня ўдасца перамагчы", – лічыць Аляксей Малашэнка з маскоўскага Цэнтру Карнэгі.

На думку іншага аналітыка, Паўла Фэльгэнгаўэра, ня выключана, што Маскве ўсё ж-такі прыйдзецца сесьці за стол перамоваў з Масхадавым і такімі палявымі камандзірамі, як Басаеў і Гелаеў. "Яны не дазволяць ніякаму маскоўскаму стаўленіку сапхнуць сябе з палітычнай сцэны і ў іх дастаткова узброеных прыхільнікаў, каб ваяваць гадамі", – лічыць Фэльгэнгаўэр.

Дарэчы, са свайго боку прэзыдэнт Інгушэтыі Аўшэў лічыць, што на мірныя перамовы з чэчэнскімі сэпаратыстамі ўжо запозна.