Навіны 02 чэрвеня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

У Менску знаходзіцца місія Ўсясьсветнага банку. Сёньня яна наладзіла для прадстаўнікоў ураду й навукоўцаў Беларусі прэзэнтацыю свайго дасьледаваньня "Праблемы рэфармаваньня сельскагаспадарчага сэктару Рэспублікі Беларусь".

Прэзэнтацыя дасьледаваньня Ўсясьветнага банку прайшла ў рамках міжнароднае аграрнае канфэрэнцыі. Як паведамілі прадстаўнікі банку, летась ягоныя экспэрты на працягу некалькіх месяцаў вывучалі сытуацыю ў сельскай гаспадарцы Беларусі. У прыватнасьці, пазнаёміліся з эканамічным станам 150 сельгаспрадпрыемстваў.

Як сказаў сёньня кіраўнік місіі Ўсясьветнага банку Чаба Чакі, экспэрты прыйшлі да высновы, што рэфармаваньне беларускага АПК застаецца на вельмі нізкім узроўні. З 2,5 тысячаў калгасаў і саўгасаў толькі 92 гаспадаркі зьмянілі свой традыцыйны юрыдычны статус.

Разам з тым, нават гэтыя рэфарматарскія крокі ня мелі важкага выніку. Рэарганізаваныя гаспадаркі, як правіла, працягваюць працаваць паводле прынцыпу калгасаў. Усе яны знаходзяцца пад жорсткім дзяржаўным кантролем. З гэтае прычыны, а таксама з прычыны дэфіцыту інвэстыцыяў такая рэарганізацыя не прынесла новым структурам эканамічнага плёну.

Пад'ём сельскае гаспадаркі Беларусі спэцыялісты Ўсясьветнага банку зьвязваюць з вырашэньнем шэрагу праблемаў. Галоўная зь іх – радыкальнае скарачэньне ўмяшаньня ўраду ў справы аграрнага сэктару. Беларускія ўлады, як зазначыў Чаба Чакі, мусяць неадкладна скасаваць кантроль над цэнамі й закупачныя квоты.

Другая важная праблема – прадастаўленьне фізычным асобам, а не калектывам, гарантыяў на права карыстаньня зямлёю. Экспэрты Ўсясьветнага банку падкрэсьлілі, што Беларусь – адзіная сярод краінаў-суседзяў захавала парадкі савецкага часу. Забарона на зьдзелкі зь зямлёю абмяжоўвае перамяшчэньне рэсурсаў да найбольш эфэктыўных вытворцаў.

Яшчэ адная прынцыповая праблема – глыбокае ўнутранае рэфармаваньне, якое б прадугледжвала фінансавае аздараўленьне й вырашэньне праблемы даўгоў. Урад і сельгаспрадпрыемствы мусяць разумець, – сказаў Чаба Чакі, – што сьпісаньня новых запазычанасьцяў больш ня будзе.

У дасьледаваньні Ўсясьветнага банку сьцьвярджаецца, што гэта мінімальны пакет эканамічных праграмаў для беларускае вёскі. Бязь іхнага выкананьня, як сьведчыць міжнародны досьвед, аграпрамысловы комплекс краіны чакае далейшы заняпад.