Навіны 26 траўня 2000 г.

Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 27 траўня)
Навіны культуры прайшоўшага тыдня.

У тэатральнай зале касьцёла Сьвятых Сымона і Алены прайшоў дабрачынны канцэрт, прысьвечаны гадавіне трагедыі на Нямізе. Акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы й сымфанічны аркестар Беларускага радыё выканалі перад бацькамі загінулых у няміскай душагубцы дзяцей "Рэквіем" Моцарта. Праваабарончы цэнтар "Вясна" пасьля жалобнага канцэрту прэзэнтаваў слухачам кнігу ўспамінаў пра ахвяраў Нямігі. Аформіў кнігу вядомы літаратар і мастак Адам Глёбус.

У нямецкім горадзе Нінбургу адчыніўся помнік "Чарнобыльская мадонна". Стварыў гэты манумэнт на сродкі мясцовых мэцэнатаў віцебскі скульптар Іван Казак, аўтар вядомага помніка Марку Шагалу ў родным горадзе.

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў разам з Маладым Фронтам наладзілі ў Музэі валуноў, што ўва Ўруччы, культурніцка-экалягічную акцыю "Час прыбіраць камяні". Музэй, які належыць Інстытуту геалёгіі Акадэміі навук, ня мае ўласных сілаў на прыбіраньне экспазыцыі пад адкрытым небам. Студэнты і школьнікі, не зважаючы на дождж і пільны нагляд двух міліцэйскіх нарадаў, сабралі сьмецьце й саскублі з валуноў надпісы РНЕ. Працавалі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Пасьля акцыі адбыўся канцэрт бардаўскае песьні.

Інсытут мастацтвазнаўства Акадэміі навук выдаў падрабязны каталёг "Усе беларускія фільмы", які ахоплівае пэрыяд з 71-га па 83-ці год. За гэтыя 12 гадоў у Беларусі была зьнятая 161 мастацкая стужка (ледзь не палова зь іх – пра партызанаў). На гэты ж пэрыяд прыпадаюць два буйнешыя дасягненьні "Беларусьфільма" – камэдыя "Белыя росы", якую паглядзелі ў кінатэатрах больш як 36 мільёнаў гледачоў, і трылер "Дзікае паляваньне караля Стаха", які атрымаў высокія прызы на шасьці міжнародкых кінафэстывалях, але замоўчваўся на радзіме (напісаць станоўчую рэцэнзію на яго наважыўся толькі Павал Якубовіч).

Тэатар музычнае камэдыі, у рэпэртуары якога шмат твораў у розных жанрах, у тым ліку 10 балетаў, зьмяніў сваю назву: цяпер гэта Беларускі Дзяржаўны музычны тэатар. Днямі тут прайшоў Парад-канцэрт маладых дырыжораў. Найбольшы посьпех у гледачоў сярод сямі дырыжораў-дэбютантаў мела Ганна Беганская. У сьвеце сярод прафэсійных дырыжораў жанчынаў практычна няма.

Беларускія ўлады не дазволілі мастаку Алесю Пушкіну ўзяць удзел у выставе сучаснага мастацтва ў варшаўскім Замку Ўяздоўскім, куды ён быў запрошаны з пэрформансам "Фэнікс Беларусі". У Варшаве Пушкін меркаваў на некалькі сэкундаў падпаліць сябе, а потым, прыдушаны расейскім сьцягам і зьбіты байцамі РНЕ, ператварыцца ў бясплотную здань. Гэты ж пэрформанс Алесь зьбіраўся паказаць на нядаўняй выставе суполкі "Пагоня", але кіраўніцтва суполкі не дало яму дазволу на гэта. Цяпер старэйшы інспэктар папраўча-выхаваўчых працаў Крупскага раёну, дзе жыве мастак, маёр Валянцін Гурко паставіў яму ў пашпарт штамп пра забарону выязду ўва ўсе краіны сьвету на паўтары гады – пакуль ня скончыцца тэрмін пакараньня за славуты гэпэнінг "Гной для прэзыдэнта". Нагадаем, што за "абсіраньне" рэзыдэнцыі Лукашэнкі Пушкін атрымаў два гады ўмоўна.