Навіны 15 траўня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

З сёньняшняга дня ў Менску ды іншых гарадoх Беларусі ўдвая падаражэў грамадзкі транспарт.

Рашэньне падвысіць кошт праезду ў грамадзкім транспарце Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў 13 траўня. Падаражэньне было ўзгодненае з урадавай камісіяй у цэнаўтварэньні. Між тым, большая частка жыхароў сталіцы сёньня зранку ня ведала пра такі крок уладаў. І таму мелі месца шматлікія непаразуменьні й прэтэнзіі пасажыраў да транспартнікаў. У прыватнасьці, я назіраў, як у сталічным мікрараёне Серабранка кандуктарка аднаго з аўтобусных паркаў, якая гандлявала праязнымі талёнамі, вымушаная была тлумачыць літаральна кожнаму пасажыру, што кошты ўзрасьлі ажно ў два разы:

(Кантралёр: ) "З сёньняшняга дня абвесьцілі, мы ж не вінаватыя ў гэтым, прэзыдэнт наш… Зарплаты зьніжаюцца, жыві як хочаш".

Двухразовае падвышэньне тарыфаў адбылося і ў менскай падземцы. Кантралёрка мэтрапалітэну Ганна так патлумачыла мне сёньняшнюю рэакцыю пасажыраў:

(Ганна: ) "Усе яны ня ведалі, ехалі сюды на трамвайчыку ці на аўтобусе, а сюды прыйшлі, кажуць – 40 тысяч".

Як вынікае з тлумачэньня афіцыйных асобаў, сёньняшняе падаражэньне праезду абумоўленае эканамічнымі й сацыяльнымі чыньнікамі. Заняпадам транспартных гаспадарак і нізкімі заробкамі ў гэтай сфэры.

Старшыня Свабоднага прафэсійнага саюзу беларускіх транспартнікаў Уладзімер Макарчук так пракамэнтаваў нашаму радыё гэтае рашэньне:

(Макарчук: ) "Урад, калі ўбачыць незадавальненне людзей, можа адрэагаваць як звычайна: "Гэта вінаваты транспартнікі, гэта яны адпусьцілі кошты на праезд, а мы тут не пры чым". Між тым, транспарт сёньня, сапраўды, апынуўся ў бядотным стане. Няма за што рамантаваць аўтобусы й тралейбусы, няма грошай на паліва. Кіроўцы й рамонтнікі працуюць на энтузіязме, бо іхныя заробкі мізэрныя на фоне ўсясьветных цэнаў на спажывецкія тавары.

З другога боку, падаражэньне праезду балюча б'е па дабрабыце іншых пластоў грамадзтва. У дзіравым бюджэце няма сродкаў на грамадзкі транспарт. Гэта сьведчыць пра памылковы эканамічны курс цяперашніх уладаў, пра тое, што праводзіцца абсурдная эканамічная палітыка", – сказаў лідэр Свабоднага прафэсійнага саюзу беларускіх транспартнікаў Уладзімер Макарчук.

На ягоную думку, нэгатыўнае стаўленьне жыхароў да падаражэньня транспарту абумоўленае перш за ўсё нізкімі заробкамі, пэнсіямі ды стыпэндыямі.