Навіны 28 красавіка 2000 г.

Валер Каліноўскі, Менск

Лідэры Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ на прэсавай канфэрэнцыі паставілі пад сумнеў заявы пра пасьпяховасьць апазыцыйных акцыяў гэтае вясны, што гучалі з вуснаў лідэраў аб'яднанай апазыцыі.

Прэсавая канфэрэнцыя Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ прайшла бязь ейнага лідэра Юрася Беленькага, які быў моцна зьбіты вайскоўцамі нутраных войскаў 25 сакавіка й працягвае лячэньне. Паводле словаў іншага партыйнага кіраўніка – Сяргея Папкова – пракуратура адмаўляецца ўзбуджаць крымінальную справу паводле гэтага факту.

Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "У пракуратуры ёсьць усе дадзеныя, ёсьць віэастужкі, з розных бакоў зьнятыя, як Беленькага завалілі і білі адмыслова, ёсьць усе медыцынскія дакумэнты, якія пацьвярджаюць вынікі гэтага зьбіцьця, — сатрасеньне мозгу, зараз ён яшчэ знаходзіцца на лячэньні, аднак, па сёньняшняй інфармацыі, пакуль што справа не адчынена, – відаць, чакаюць загад зьверху і не вырашаюць пытаньня па адкрыцьці гэтай крымінальнай справы" — гаварыў Сяргей Папкоў.

26 красавіка сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ адмовіліся ад прапанаванага ўладамі маршруту на Бангалёр, заставаліся на пляцы Якуба Коласа й былі сілаю разагнаныя спэцназам. Чатыры актывісты КХП былі затрыманыя: Андрэй Мычык, Андрэй Ануфрыеў, Зьміцер Жураўчык і Андрэй Сацупа.

Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Упершыню на вулічных акцыях быў прыменены сьпецназ у чорных масках, у чорных уніформах і па нашым аналізаваньні гэта той самы сьпецназ, што дзейнічаў супраць дэпутатаў апазіцыі Беларускага Народнага Фронту 12 красавіка 1995 года. Мы гэта зьвязваем з тым, што пад кіраўніцтвам Пуціна зараз створаны антытэрарыстычны цэнтр, у ягоным складзе і беларускія адзьдзяленьні сьпецназу і ўпершыню гэтыя адзьдзяленьні былі выкарыстаныя і скіраваныя супраць дэманстрантаў", – гаварыў Сяргей Папкоў.

Адносна вынікаў "Чарнобыльскага Шляху" й "Гарачай вясны-2000" ў цэлым у лідэраў КХП няма аптымістычных ацэнак. Гаворыць адказны сакратар Управы КХП БНФ Анатоль Крыварот:

(Крыварот: ) "Хачу падкрэсьліць, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя не ўваходзіць у аб?яднаную апазыцыю. Мы з?яўляемся Партыяй нацыянальнга-вызвольнага Руху і ўваходзім у Нацыянальна-вызвольны рух. Дык вось за гэтыя паўгады былі зьведзены і вельмі зьнівэляваныя тыя пазыцыі, якія былі заваяваныя ў 1996 і 1997 годзе. Упершыню за 11 гадоў адзначэньня Чарнобыльскага шляха дэманстранты пайшлі на Бангалор", – гаварыў Анатоль Крыварот.

Такой жа думкі й Сяргей Папкоў, паводле словаў якога, дэманстрацыі па маршрутах, дазволеных уладамі, ні да якога выніку не прывялі. Анатоль Крыварот зазначае, што, паводле ягоных падлікаў, на акцыі прыходзіць усё меней людзей.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя прапануе беларускаму грамадзтву сваю альтэрнатыву – нацыянальна-вызвольны рух, праграму структураваньня грамадзтва, стварэньне грамадзкага парлямэнту. Партыя сабрала больш як 20 тысяч подпісаў за незалежнасьць Беларусі, рыхтуе свае масавыя акцыі ды заклікае да змаганьня й супраціву антыдэмакратычнаму рэжыму і інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.

Сяргей Папкоў лічыць, што беларускае грамадзтва падрыхтаванае да рашучых дзеяньняў, але не гатовыя лідэры, паводле словаў Папкова, "каляніяльнай апызацыі".