Навіны 21 красавіка 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У загарадным доме Міхала Чыгіра загарэлася электраправодка, у выніку чаго сапсаваным аказалася ўсё электраабсталяваньне. Сям'я экс-прэм'ера лічыць гэтае здарэньне невыпадковым і заяўляе пра ўзмацненьне псыхалягічнага ціску напярэдадні завяршэньня судовага працэсу.

Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе пасьля перапынку аднавіўся працэс над былым прэм'ерам Міхалам Чыгіром. Судоваму разьбіральніцтву папярэднічала абмеркаваньне ўчорашняе надзвычайнае падзеі ў загарадным доме Чыгіроў. Калі гаспадароў не было дома, раптоўна пачала гарэць электраправодка, што заўважыла сяброўка жонкі Чыгіра, якая была ў гэты час у доме. Яна зьвярнулася па дапамогу да суседзяў, і зь імі разам удалося адключыць электрычнасьць, і гэтым самым пазьбегнуць пажару. Але ў доме былі папсаваныя ўсе электрабытавыя прыборы.

Электрыкі, якія прыехалі па выкліку, заявілі, што прычына аварыі – няправільнае падключэньне да электрасеткі паселішча. Гэта магла быць або памылка пры падключэньні, або чыйсьці наўмысны ўчынак – сапсаваць падключэньне няцяжка.

Юлія Чыгір першую прычыну адвяргае, паколькі сьвятло ў дом праведзенае некалькі гадоў таму, і нічога раней не здаралася. Дарэчы, яна гаворыць пра супадзеньне адразу некалькіх падзеяў…

(Юлія Чыгір: ) "Сёньня чакалася пракурорскае абвінавачаньне. Калі б учора быў пажар, вы ж разумееце, якое ў нас становішча. На сёньняшні дзень наш сын позвай выклікаецца ў ваенкамат, хаця ягонаму дзіцяці яшчэ няма трох гадоў. Таксама патэлефанаваў учора сьледчы і запрашае на азнаямленьне з новым эпізодам – па катэджы. Мы сёньня да абеда меліся выслухаць той запыт, што высунула пракуратура, а пасьля абеду пайсьці і пазнаёміцца з новымі прэтэнзіямі ўладаў. Так што гэта сплянаваны псыхалягічны ціск. Што тут незразумела?"

Чыгіры зьбіраюцца правесьці прыватнае разьбіральніцтва гэтага здарэньня й не выключаюць звароту ў міліцыю.

Суд жа сёньня займаўся разглядам хадайніцтваў аб далучэньні да матэрыялаў справы дадатковых дакумэнтаў і выкліку новых сьведкаў. З апошняй просьбаю абароны Чыгіра суд не пагадзіўся, а вось пэўную частку дакумэнтаў далучыў. У прыватнасьці, гэта дакумэнты, якія, на думку абароны, сьведчаць пра палітычна матываваны перасьлед уладамі Міхала Чыгіра.

Напрыклад, далучаная да матэрыялаў копія пасьведчаньня кандыдата ў прэзыдэнты Міхала Чыгіра, падпісанага старшынём Цэнтарвыбаркаму Віктарам Ганчаром.

Таксама суд прыняў да разгляду новыя дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці Мытнага камітэту. На думку Міхала Чыгіра, гэтыя дакумэнты павінны стаць дадатковым доказам ягонае невінаватасьці.

(Міхал Чыгір: ) "У гэтых нарматыўных дакумэнтах ёсьць патрабаваньне, што мытня павінна браць гарантыю не залежна ад таго, на які тэрмін выстаўляецца адтэрміноўка. Яны ўвесь час спрабавалі давесьці, што калі адтэрміноўка перавышае 2 месяцы, дык яны не абавязаныя браць гарантыю. А тут усё запісана. І ёсьць шмат такіх момантаў, якія сьведчаць, што супрацоўнікі мытні давалі паказаньні, якія не адпавядаюць нарматыўнай базе".

Адвакаты Міхала Чыгіра не выключаюць, што на будучым тыдні пачнуцца судовыя спрэчкі й стане вядома, якое пакараньне папросіць пракуратура.