Навіны 19 красавіка 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў пацьвердзілі сёньня рашэньне аргкамітэту "Чарнобыльскага Шляху" аб правядзеньні акцыі 26 красавіка у ранейшым фармаце. Разам з тым, апазыцыянэры не выключаюць кампрамісу з уладамі. Сябры Каардынацыйнае рады лічаць заўчасным правядзеньне ў чэрвені Ўсебеларускага зьезду.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду, занятыя цяпер пераважна тэхнічнымі праблемамі падрыхтоўкі да "Чарнобыльскага Шляху". Таму на сёньняшнім паседжаньні абмяркоўваліся пытаньні інфармацыйнага забесьпячэньня акцыі, праблема захаваньня парадку ў часе праходу калёны й г.д.

Разам з тым, сябры рады з насьцярожанасьцю адзначалі, што ўлады не выяўляюць аніякае ўвагі да "Чарнобыльскага Шляху". Лідэры апазыцыі рыхтуюцца да любога варыянту рэакцыі ўладаў на маніфэстацыю 26 красавіка, але ўсё ж спадзяюцца, што ў іх хопіць розуму й развагі знайсьці кампраміс з арганізатарамі Шляху. Гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Заўтра апошні дзень, калі гарвыканкам павінен даць адказ на пісьмовы зварот грамадзянаў аб правядзеньні акцыі Чарнобыльскі Шлях. Заўтра мы будзем ведаць рэакцыю выканкаму, а сёньня ўсё застаецца ў межах фармату, які быў пададзены ў гарвыканкам. Той жа маршрут, той жа час, той жа збор на плошчы Якуба Коласа а 18 гадзіне і маршрут да плошчы Незалежнасьці. Мы не выключаем таго, што калі будзе прынятае іншае рашэньне, дык магчымы перамоўны працэс і спробы нейкага кампраміснага рашэньня. Мы да гэтага гатовыя і падрыхтаваныя",

– паведаміў спадар Лябедзька.

Паводле ягоных словаў, сваё жаданьне прысутнічаць на "Чарнобыльскім Шляху" пацьвердзілі групы дэпутатаў Чэскага парлямэнту, Бундэстагу Нямеччыны й Дзяржаўнае думы Расеі.

На абмеркаваньне Каардынацыйнае рады было таксама вынесенае пытаньне правядзеньня ў бліжэйшы час Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Вось якія аргумэнты на карысьць правядзеньня кангрэсу ў чэрвені прывёў Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Пытаньне аб выбарах стаіць у парадку дня. Яно вельмі актуальнае, важнае. І натуральна, што перамога будзе тады, калі дэмакратычныя сілы зоймуць аднолькавую пазыцыю, калі ў іх будзе выпрацаваны кансалідаваны падыход да гэтых выбараў",

– лічыць спадар Лябедзька.

На думку старшыні АГП, лепшы час для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў – канец чэрвеня, бо ў ліпені пачнецца чарговая парлямэнцкая сэсія АБСЭ й беларуская дэлегацыя магла б на ёй агучыць рашэньні кангрэсу. Тым ня менш, гэтае пытаньне апазыцыянэры будуць яшчэ абмяркоўваць.

А вось адносна прызначанага на чэрвень Усебеларускага зьезду думка сябраў Каардынацыйнае рады адназначная – праводзіць яго трэба тады, калі будзе зробленая ўся неабходная падрыхтоўчая праца.

Анатоль Лябедзька, напрыклад, лічыць, што зьезд стане падзеяй, калі пра яго будуць гаварыць людзі ў кожнай беларускай вёсцы. А дамагчыся гэтага можна толькі, калі тысячы апазыцыйных актывістаў будуць актыўна працаваць з жыхарамі краіны. Сябры рады таксама лічаць, што лепш праводзіць зьезд у час, калі зноў абвострыцца інтэграцыйная тэма, – прынамсі, гэта было б разумна з палітычнага пункту гледжаньня.

Рада таксама прыняла заяву ў падтрымку сьвятароў Яна Спасюка й Зьбігнева Кароляка, якіх перасьледуюць улады. Апазыцыянэры лічаць, што перасьлед гэтых духоўных асобаў ёсьць праяваю непавагі да правоў вернікаў.