Навіны 03 красавіка 2000 г.

(эфір 2 красавіка)
Дзень 2 красавіка афіцыйна абвешчаны днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі. На гэты ж дзень апазыцыя прызначыла сваю чарговую акцыю. А 12 гадзіне прыблізна 500 чалавек сабралісая ў Купалаўскім сквэры ля помніка Янку Купалу. На месцы падзеі знаходзіўся наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Ён уключыў свой мабільны тэлефон у той момант, калі адбывалася ўскладаньне кветак.

(Каліноўскі: ) "Сярод букетаў вылучаецца стандартны набор з трох гвазьдзікоў – дзьве белыя і адна чырвоная. Зараз ля помніка стаяць хлопцы і дзяўчаты, якія трымаюць партрэты герояў, якія загінулі за незалежнасьць Беларусі.

Запальваюцца сьвечкі, і з хвіліны на хвіліну мы чакаем сьвятароў, якія правядуць Набажэнства ў гонар тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі…

(Голас сьвятара)

Набажэнства ў гонар тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі, праводзяць сьвятары Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквы Іван Спасюк і Леанід Акаловіч.

Адзін з ініцыятараў гэтай акцыі, лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч заклікаў усіх прысутных памаўчаць і памаліцца, бо, паводле ягоных словаў, цішыня і малітва іншым разам гучаць мацней за лёзунгі.
Ён сказаў, што сёньня ня будзе ніякіх мітынгаў, ня будзе ніякіх лёзунгаў.

Зараз я бачу толькі адзін сьцяг, які знаходзіцца ля помніка Янку Купалу. Гэта бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай жалобнай стужкай.

Мікола Статкевіч прапанаваў лічыць гэтае месца магілай усіх тых людзей, якія змагаліся за незалежнасьць Беларусі, загінулі за яе, і цяпер мы ня ведаем, дзе іхныя сапраўдныя магілы знаходзяцца".

(Ціхановіч: ) "Валер, а як выглядае сталіца, праспэкт Францішка Скарыны? Ці бачныя нейкія сьвяточныя мерапрыемствы, афіцыйныя?"

(Каліноўскі: ) "Ніякіх сьвяточных мерапрыемстваў я не заўважыў. Адзінае, што ўсюды расьцягнутыя транспаранты з надпісам "2 красавіка – дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі" і вывешаныя дзяржаўныя сьцягі Расеі і Беларусі. Фактычна, ўсё адзначэньне сьвята, якое прызначыў Аляксандар Лукашэнка, на гэтым і абмежавалася на гэты момант".

(Ціхановіч: ) "З Купалаўскага сквэру ў Менску перадаваў наш карэспандэнт Валер Каліноўскі. Паводле яго інфармацыі, акцыя закончылася мірна. Быў толькі затрыманы спадар Пётра Маланачкін, які прыехаў у Менск з Горак. Ён трымаў у руках плякат. Міліцыя яго затрымала, але аказалася, што на паперы буйным шрыфтам былі напісаныя псальмы для зручнасьці чытаньня. Пётар Маланачкін адпушчаны".