Навіны 29 лютага 2000 г.

Алена Ціхановіч, Прага

Кіраўнік рабочай групы ў справе Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын адказаў на нашыя пытаньні па тэлефоне з Бухарэсту.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Севярын, перад Вашай паездкай Аляксандар Лукашэнка падпісаў Выбарчы кодэкс. Правядзеньне круглых сталоў было адмененае. Некаторыя экспэрты кажуць, што Вам давядзецца пачынаць у Менску з нуля".

(Севярын: ) "Ад самага пачатку я ведаў, што нам трэба быць цярплівымі. Я думаю, што мы мусім працягваць намаганьні дзеля пачатку дыялёгу. Бяз гэтага наўрад ці можна выйсьці з канстытуцыйнага тупіка ў Беларусі ці дамагчыся рэінтэграцыі краіны ў міжнародную супольнасьць. У адной з апошніх прапановаў Аляксандар Лукашэнка выказаў сваю гатовасьць аднавіць палітычны дыялёг і абмеркаваць усе магчымыя пытаньні, у тым ліку, зьмены ў канстытуцыі альбо ўрадзе".

(Карэспандэнт: ) "Аднак Аляксандар Лукашэнка таксама адзначыў, што перамовы могуць быць праведзеныя без удзелу міжнародных структураў".

(Севярын: ) "Мы не настойваем на нашым удзеле, мы проста выказваем нашую гатовасьць дапамагчы ў працэсе дэмакратызацыі. І калі нашая прысутнасьць будзе патрэбная, я ўпэўнены, нас запросяць. Мы пра гэта будзем гаварыць падчас нашага візіту ў бліжэйшыя дні. Мы больш зацікаўленыя ў выніку нашых гутарак, чымсьці ў нашай безпасярэдняй прысутнасьці на перамовах. І дакладная форма дыялёгу яшчэ павінна быць абмеркаваная. Таму, як я мяркую, місія Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ важная".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Севярын, а калі ўсё ж падзеі пойдуць па горшым сцэнары – перамовы так і не пачнуцца, а Менск правядзе выбары паводле прынятага выбарчага закону. Якая будзе рэакцыя эўрапейскіх структураў?"

(Севярын: ) "Я не люблю адказваць на гіпатэтычныя пытаньні, асабліва за дзень-два перад новымі спатканьнямі. Так што пазьбегну адказу на пытаньне, якое пачынаецца са словаў "а што калі".

Гутарыла