Навіны 18 лютага 2000 г.

Ігар Карней, Менск

(эфір 17 лютага)
Суд Цэнтральнага раёну Менску працягваў разгляд зыску старшыні Камітэту авіяцыі, прэзыдэнта Беларускае Фэдэрацыі футболу Рыгора Фёдарава да газэты "Прессбол". У якасьці маральнае кампэнсацыі за нібыта пацярпелыя гонар і годнасьць Фёдараў патрабуе беспрэцэдэнтную для беларускага правасудзьдзя суму – каля 70 тысячаў даляраў. Адказам на гэта стаў прад'яўлены сёньня журналістамі зыск да Фёдарава, які перавышае 100 тысячаў даляраў.

Зыск ад імя Фёдарава быў пададзены ў суд 21 сьнежня мінулага году і ўтрымліваў 11 пунктаў абвінавачаньня. Але толькі сёньня на ўсе гэтыя пункты прадстаўнік Фёдарава атрымаў адказы ад галоўных абвінавачваных – рэдактара газэты Ўладзімера Беражкова і ягонага намесьніка Сяргея Новікава.

У той самы момант, калі аднадумцы Фёдарава, здаецца, гатовыя былі перайсьці да апошняга наступу, "прэсболаўцы" выставілі сустрэчны зыск. Прычым, ягоная сума ледзь не ўдвая перавысіла суму, запатрабаваную Фёдаравым, і склала 120 мільёнаў рублёў новымі. 100 мільёнаў "Прессбол" мае намер спагнаць з Рыгора Фёдарава, 20 мільёнаў – са штотыднёвіка "Всё о футболе", які адлюстроўвае інтарэсы прэзыдэнта Беларускае Фэдэрацыі футболу, і 1 рубель яны зьбіраюцца адсудзіць у журналісткі згаданае газэты Алены Кудраўцавай. Справа набыла новы паварот.

А вось як успрымае сытуацыю кожны з бакоў. Рыгор Фёдараў гаворыць: "Мне непрыемна, што йдзе няспынная валтузьня вакол майго прозьвішча. Я стаміўся ад незаслужаных абвінавачваньняў у сваю адрэсу. Нейкі жаргон, нейкая турэмная тэрміналёгія – няўжо гэта тая мова, на якой размаўляюць сучасныя журналісты?". Далей Фёдараў адзначыў, што "Прессбол" не ўпершыню займаецца, словамі Фёдарава, "голым папулізмам". Да гэтага былі аналягічныя выпады ў бок Гантварга, Тараненкі, Бяловай, Рыжанкова. Маўляў, Фёдараў – чарговая ахвяра…

Ані Беражкоў, ані Новікаў зь Фёдаравым не згаджаюцца, прыводзячы ўласныя контараргумэнты. Сяргей Новікаў кажа: "Ніхто з нас не абвінавачваў Рыгора Канстанцінавіча ў карупцыі ці нечым яшчэ. Калі хтосьці ўбачыў у гэтым артыкуле сябе – гэта асабістая справа чалавека". Падтрымаў калегу і Ўладзімер Беражкоў. Ён сьцьвярджае, што ў зыску практычна няма дакладных цытатаў з ягоных публікацыяў, ён поўны дадумваньняў і гіпэрбалізацыі фактаў.

Працяг супрацьстаяньня – 7 сакавіка, калі адбудзецца чарговае судовае паседжаньне. Зыск Беражкова й Новікава будзе разглядацца як асобная справа.