Навіны 15 лютага 2000 г.

Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня чарговая гадавіна вываду з Афганістану савецкіх войскаў. Фармальна гэты дзень лічыцца заканчэньнем афганскае вайны. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Некаторыя называюць савецка-афганскую вайну – самай выразнай праявай дэградацыі СССР і ўсёй сацыялістычнай сыстэмы. Удзельнікі тае вайны з савецкага боку лічаць такі погляд "кабінэтным", аднак і яны чым далей, тым болей адмаўляюцца ад адназначных ацэнак.

Вось што сказаў мне сёньня па тэлефоне зь Віцебску колішні дарадца па лініі Міністэрства ўнутраных справаў СССР у афганскай правінцыі Фарван, а сёньня – ініцыятар стварэньня музэю афганцаў, Валеры Чакалаў (дарэчы, пляменьнік славутага лётчыка):

(Чакалаў: ) "Я павінен сыходзіць з таго, што калі гэтая вайна пачыналася, Савецкі Саюз і Афганістан былі ў вельмі блізкіх адносінах. Нашыя савецкія дарадцы былі ў Афганістане з 30-х гадоў, нават раней. Яны былі вельмі дарагаімі, блізкімі людзьмі, да якіх, паводле загаду афганскага кіраўніцтва, і дакрануцца ніхто ня мог. А калі ўвайшлі нашыя войскі, выявілася, што мы абсалютна на іншых пазыцыях, што мы сталі ворагамі".

Гэта быў Валер Чакалаў, які ў свой час працаваў савецкім дарадцам у афганскай правінцыі Фарван. Ён лічыць, што вайскоўцы выкновалі абавязак паводле прысягі. Ацэнкі – павінныя рабіць палітыкі.

Меркаваньне палітыка.

Пра некаторыя асэкты той вайны мы гутарым з дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыславам Грыбам.

(Навумчык: ) "Мечыслаў Іванавіч, якія галоўныя высновы можна было б зрабіць з той афганскай вайны – і палітыкам, і звычайным грамадзянам?"

(Грыб: ) "Па-першае, ніколі ня лезьце не ў сваю справу. Па-другое, перш за ўсё трэба навесьці парадак у сваёй краіне, а пасьля можна даваць нейкія парады сваім суседзям, дый тое не ваенным чынам".

(Навумчык: ) "Ці бачыце Вы нейкія паралелі паміж саецка-афганскай вайной і вайной чачэнскай, якая вядзецца сёньня?"

(Грыб: ) "Тут ёсьць такія параўнаньні, іх можна зрабіць, але толькі ў тым пляне, што забіваюцца людзі, якія невінаватыя ў тым, што зрабілі іншыя людзі. Напрыклад тыя, хто ня браў удзелу ў тэрарыстычных актах, але трапіў у гэтае пекла. Розьніца ў тым, што Чачня – гэта ўсё ж тэрыторыя Расеі".

(Навумчык: ) "Мінулая, афганская вайна забрала жыцьці не адной сотні беларускіх хлопцаў. Тое, што з аргунскай цясьніны ці з-пад Грознага ў Беларусь не ідуць труны – гэта, канешне, сьледзтва незалежнасьці Беларусі. Але наколькі Вы ўпэўненыя ў тым, што Беларусі не давядзецца калі-небудзь абараняць інтарэсы Крамля коштам жыцьцяў беларускіх хлопцаў?"

(Грыб: ) "Пры сёньняшнім раскладзе сілаў і пры сёньняшніх намаганьнях нашых вялікіх інтэгратараў, ніякай упэўненасьці ў гэтым няма".

Гэта быў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Мечаслаў Грыб.

З вайсковага пункту гледжаньня, параза Савецкіх вайскаў у Афганістане тлумачылася адсутнпасьцю вопыту баявых дзеяньняў у горных раёнах. Савецкія афіцэры былі абвучаныя праводзіць палітзаняткі і арганізоўваць ленінскія куткі, фарбаваць казармы ды зьбіраць бульбу ў падшэфных калгасах, але ваяваць – прафэсыйна – з гэтым было цяжэй. Зрэшты, праз колькі гадоў вопыт баявых дзеяньняў быў назапашаны – але Савецкі Саюз усё роўна ня выйшазў пераможцам.

Відаць, на палітзанятках адзін аспэкт ленінскага вучэньня апынуўся па-за ўвагаю партпрапагандыстаў. Клясык марксізму казаў пра войны "справядлівыя" і "несправядлівыя", – і ў гэтым сэнсе Палітбюро павінна было б разумець, што праўда зусім не на баку "аплоту міру і сацыялізму".

Праз 15 гадоў Крэмль зноў распачаў вайну, кошт якой – дзясяткі тысячаў ахвяраў.

У гутарцы з Мечыславам Грыбам мы невыпадкова паспрабавалі знайсьці паралель паміж той афганскай вайной і цяперашняй, чачэнскай. Калі няма мэханізму грамадзкага кантролю, народ робіцца ахвяраю авантураў. У Савецкім Саюзе састарэлыя правадыры маглі рабіць з народам што заўгодна. Сёньня адсутнасьць той жа грамадзянскай супольнасьці дазволіла вырасьці ў расейскім грамадзтве імпэрскаму сіндрому, і зруйнаваньне чачэнскіх гарадоў адбываецца пад ухвальныя воплескі значнай часткі расейскіх грамадзянаў.

Выглядае, што час пакаяньня за цяперашнюю чачэнскую вайну надыйдзе ня хутка.