Навіны 14 лютага 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

У мінулую пятніцу Расея ўвяла для сваіх грамадзянаў новы парадак вывазу за мяжу валюты. Цяпер кожны расеец можа свабодна вывозіць паўтары тысячы даляраў. Ці будзе гэтае новаўвядзеньне распаўсюджанае і на беларускіх грамадзянаў?

11 лютага ў Расеі ўступіла ў дзеяньне суплольная пастанова Цэнтральнага банку й Дзяржаўнага мытнага камітэту, згодна зь якою расейцы атрымалі права на свабодны перавоз празь дзяржаўную мяжу валюты у суме паўтары тысячы даляраў. Празрыстасьць беларуска-расейскае мяжы і абвяшчэньне гэтак званае "саюзнае дзяржавы" выклікаюць лягічную цікавасьць да новаўвядзеньня. Ці тычыцца яно й грамадзянаў Беларусі?

З такім пытаньнем я зьвярнуўся да адказнага супрацоўніка менскага прадстаўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэту Расеі Аляксандра Бульбы. Вось што ён адказаў: "Гэтая норма распаўсюджваецца толькі на рэзыдэнтаў Расейскае Фэдэрацыі. Для нерэзыдэнтаў фэдэральным законам усталяваныя іншыя нормы вывазу. Ды іншы дазваляльны парадак. Я думаю, што ў блізкім часе адбудуца карэктывы. У мытні Расеі і мытні Беларусі йдзе праца, каб нормы для грамадзянаў "саюзнае дзяржавы" былі аднолькавымі. Але пакуль, на жаль, яны розьняцца", – паведаміў Аляксандар Бульба.

Такім чынам, беларусы, як і грамадзяне іншых краінаў, паводле расейскага дакумэнту, маюць статус нерэзыдэнтаў, ці іншаземцаў. Іншаземцы ж могуць вывозіць з тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі столькі валюты, колькі ўвезлі ці пераслалі туды.

Летась, як вядома, беларуска-расейскія праўныя разыходжаньні неаднаразова спрычыняліся да валютных скандалаў ва ўзаемадачыненьнях нашых суайчыньнікаў з расейскімі мытнікамі. Ня выключана, што на побытавым узроўні крыніцаю такіх канфліктаў зьявіцца й цяперашні расейскі дакумэнт.

Прадстаўніца Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Людміла Мішчанка сёньня мне пацьвердзіла, што для нашых суайчыньнікаў правілы вывазу валюты за мяжу засталіся ранейшымі. А менавіта: свабодна вывозіць можна толькі пяцьсот даляраў. На вываз большых сумаў патрэбныя дазваляльныя паперы. На думку назіральнікаў, такое становішча справакуе ценявы бізнэс. Прычым, выгодны для тых, хто мае расейскі пашпарт.

Чаму ў дзеяньнях Беларусі й Расеі, нягледзячы на інтэграцыйныя лёзунгі, працягваюцца адваротныя працэсы? У мытным ведамстве Беларусі адмовіліся даць адказ на гэтае пытаньне. У прадстаўніцтве расейскае мытні ў Менску Аляксандар Бульба сказаў на гэты конт наступнае: "Хто мусіць прывесьці ў парадак нормы: Рэспубліка Беларусь да расейскіх ці Расейская Фэдэрацыя да беларускіх? Пра гэта павінны дамовіцца цэнтральныя фінансавыя ведамствы – Нацыянальны банк Беларусі й расейскі Цэнтрабанк. Яны могуць ацаніць, наколькі істотным зьяўляецца той ці іншы дазваляльны парадак. Расейская мытня – гэта выканаўчы фэдэральны ворган. Яна ў лепшым выпадку дае рэкамэндацыі ўраду, што найбольш мэтазгодна зрабіць. Што загадалі мытні, тое яна й зрабіла", – зазначыў прадстаўнік расейскае мытні спадар Бульба.