Навіны 08 лютага 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле рашэньня, прынятага ўчора ўвечары страйкавым камітэтам прадпрымальнікаў, агульнанацыянальная акцыя пратэсту прыпыняецца. Лідэры страйкоўцаў вырашылі даць уладам шанец выправіць стасункі з прадпрымальнікамі, і заклікалі сваіх калегаў узнавіць працу з 12 лютага. Аднак многія пачалі гандляваць ужо сёньня.

У распаўсюджанай сёньня ўраніцу заяве страйкавага камітэту прадпрымальнікаў названа пяць прычынаў, якія робяць далейшы страйк нямэтазгодным. Сярод іх – недахоп сілаў і сродкаў, каб супрацьстаяць дэзынфармацыі ўладаў і даводзіць да людзей сваю пазыцыю; рэпрэсіі супраць актывістаў Свабоднага прафэсійнага саюзу; папярэдняя згода ўладаў вызваліць дробных гандляроў ад падатку на даданую вартасьць і быццам бы выказаная гатоўнасьць пачаць перамовы з прадпрымальнікамі, калі тыя спыняць страйк.

Але галоўнай прычынаю лідэры страйкоўцаў лічаць непадрыхтаванасьць часткі прадпрымальнікаў да працяглае барацьбы за свае правы.

Хаця страйк спынены, лідэры Свабоднага прафэсійнага саюзу ацэньваюць яго арганізацыю і правядзеньнне як даволі ўдалыя. Паводле словаў сябра страйкавага камітэту Леаніда Каліцені, у тыднёвай акцыі пратэсту ўдзельнічалі звыш 90 тысячаў прадпрымальнікаў, якія паверылі, што менавіта Свабодны прафэсійны саюз можа адстойваць іхныя правы.

Спадар Каліценя гаворыць, што ягоныя калегі не зьбіраюцца спыняць працу ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. І калі ўлады не пачнуць рэальных перамоваў і ня прыслухаюцца да патрабаваньняў, актывісты Свабоднага прафэсійнага саюзу абяцаюць зарганізаваць яшчэ больш масавыя акцыі пратэсту.

Улады пакуль не сьпяшаюцца выконваць патрабаваньні прадпрымальнікаў. Так, учора ў Міністэрстве прадпрымальніцтва адбылася нарада з удзелам прадстаўнікоў Падаткавага камітэту й афіцыйных прафэсійных саюзаў. Актывісты Свабоднага прафэсійнага саюзу на гэтую сустрэчу дапушчаныя не былі.

Чыноўнікі зь міністэрства паведамілі нашаму радыё, што з прадстаўнікамі групы Леванеўскага навогул ня хочуць мець аніякіх справаў, бо тыя, маўляў, займаюцца не абаронаю дробных бізнэсоўцаў, а палітыкаю.

Прадстаўнікі афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" і рэгіянальных аб'яднаньняў прадпрымальнікаў прасілі чыноўнікаў хутчэй прыняць новую патэнтавую сыстэму, якая б дазволіла хуткую рэгістрацыю прыватных прадпрымальнікаў, адмяніць падатак на даданую вартасьць і ўвесьці мараторый на скарыстаньне вялікіх штрафаў.

Чыноўнікі гэтыя ідэі быццам бы падтрымалі й вырашылі да 1 чэрвеня ўнесьці адпаведныя прапановы ва ўрад. А пакуль проста нефармальна папрасілі прадстаўнікоў Падаткавага камітэту не караць гандляроў вялікімі штрафамі.

Але ў тое, што падаткавыя інспэктары раптам стануць такімі лагоднымі, ня верыць нават старшыня прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" Алег Бортнікаў. На ягоную думку, першыя тыдзень-два пасьля страйку аніякіх рэпрэсіяў супраць гандляроў, магчыма, і ня будзе, а потым ўсё пачнецца па старому – праверкі, паборы й г.д.

Тым часам лідэр страйкоўцаў Валеры Леванеўскі таксама зьбіраецца зьвярнуцца ва ўрад і Падаткавы камітэт з просьбаю не праводзіць санкцыяў супраць гандляроў, якія пачалі выходзіць са страйку (на сёньняшні дзень працаваць пачалі каля 50 адсоткаў прадпрымальнікаў ва ўсёй краіне).