Навіны 07 лютага 2000 г.

Юры Дракахруст, Менск

Расея гатовая ўжыць ядравую зброю ў выпадку, калі на Беларусь будзе напад з боку замежнае дзяржавы – пра гэта ў мінулую суботу паведаміў кіраўнік Беларусі Лукашэнка. 4 лютага пра гэта ж заявіў выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін пад час прэзэнтацыі новае ваеннае дактрыны Расеі. Якія наступствы могуць мець гэтыя зьмены ў ваеннай палітыцы Масквы?

Патлумачыць зьмены ў расейскай ваеннай дактрыне я папрасіў дырэктара Расейскага цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Андрэя Піянткоўскага. Ён нагадаў, што абавязацельства не ўжываць першымі ядравую зброю быў выдалены з расейскай ваеннай дактрыны яшчэ ў 1993 годзе.

Мой суразмоўца адзначыў, што гэты пункт і раней меў чыста прапагандысцкі характар. Нічога падобнага, дарэчы, ніколі не было ў ваенных дактрынах NATO і ЗША. У новай ваеннай дактрыне Расеі магчымасьць выкарыстаньня ядравай зброі першымі выказана яўна.

Гаворыць Андрэй Піянткоўскі:

"Як гаворыцца ў новым тэксьце дактрыны, "у выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы і ў выпадку агрэсіі супраць Расеі, якую немагчыма спыніць іншымі сродкамі, Расея не адмаўляецца ад права выкарыстаць ядравую зброю". Новым момантам зьяўляецца тое, што ў словазлучэньне "агрэсія супраць Расеі" дадаткова ўстаўлена "агрэсія супраць Расеі і яе бліжэйшых хаўрусьнікаў". Відавочна, такім хаўрусьнікам зьяўляецца Беларусь. Гэта азначае, што кіраўніцтва дзьвюх краінаў разглядае Беларусь і Расею як адзіную абаронную прастору. Але з практычнага пункту гледжаньня любому сур'ёзнаму экспэрту зразумела, што з заходняга кірунку наступ праціўніка, які меў бы перавагу ў сілах, ані Беларусі, ані Расеі не пагражае", – лічыць дырэктар Расейскага цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Андрэй Піянткоўскі.

На ягоную думку, нават апэрацыя ў Косава прадэманстравала хутчэй слабасьць, чым сілу Паўночна-Атлянтычнага альянсу, таму пагроза з Захаду падаецца дасьледніку выключанай.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь у тэксьце дактрыны яўна ня ўзгадваецца. Пра тое, што размова йдзе пра ядравы "парасон" для Беларусі, заявіў Уладзімер Пуцін, а пазьней гэта пацьвердзіў і Лукашэнка.

На думку Андрэя Піянткоўскага, раскрыцьцё расейскага ядравага "парасону" для Беларусі не азначае, што ядравая зброя будзе разьмешчана на яе тэрыторыі. Мой суразмоўца падкрэсьліў, што гэта было б парушэньнем шэрагу міжнародных абавязацельстваў, прынятых на сябе як Беларусьсю, гэтак і Расеяй. Дырэктар цэнтру стратэгічных дасьледваньняў заўважыў, што размова йдзе пра магчымае ўжываньне толькі тактычнае ядравае зброі.

Іншая думка ў экс-міністра абароны Беларусі, генэрал-палкоўніка Паўла Казлоўскага. Ён лічыць, што з новай абароннай дактрыны Расеі якраз вынікае магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскае ядравае зброі, асабліва калі размова йдзе пра тактычную зброю.

Генэрал Казлоўскі падкрэсьліў, што стратэгічныя ракеты, сапраўды, ўсё роўна адкуль запускаць: іх радыюс дзеяньня – тысячы кілямэтраў, але радыюс дзеяньня тактычнае зброі – максімум трыста кілямэтраў. Такім чынам, – лічыць Павал Казлоўскі, – абараніць, напрыклад, заходнюю мяжу Беларусі тактычнымі ракетамі з Расеі проста немагчыма.

Нагадаем, што працягласьць тэрыторыі Беларусі ад заходняй да ўсходняй мяжы – прыблізна 600 кілямэтраў. З гэтага генэрал Казлоўскі робіць выснову, што новая расейская дактрына няяўна прадугледжвае ў пэўнай сытуацыі разьмяшчэньне расейскае ядравае зброі на тэрыторыі Беларусі. Паводле ягоных словаў, каб гэта ажыцьцявіць, ня трэба нават ствараць нейкую дадатковую ваенную інфраструктуру: хоць ядравая зброя зь Беларусі выведзеная, але засталіся носьбіты – артылерыйскія і ракетныя сыстэмы. Так што дастаткова будзе завезьці толькі ядравыя баепрыпасы для гэтых сыстэмаў.

Таму Павал Казлоўскі лічыць, што новая ваеная дактрына Расеі можа стварыць вялікую небясьпеку для Беларусі.