Навіны 27 студзеня 2000 г.

Алена Радкевіч, Страсбург

Сёньня ў Страсбургу на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы слухалася пытаньне аб сытуацыі ў Чачні і аб магчымых санкцыя супраць Расеі. На паседжаньні Палітычнага камітэту тыдзень таму было вырашана прапыніць права галасаваньня для расейскай дэлегацыі, тым больш што гэтая дэпутацкая дэлегацыя – ад Думы старога скліканьня. Сёньня на сэсіі дэбатавалася пытаньне, ці пераглядаць статус Расеі як сябра Рады Эўропы ў зьвязку з вайной у Чачні. Са Страсбургу перадае Алена Радкевіч.

Зь вялікм дакладам аб ваенных дзеяньнях і сытуацыі ў Чачні выступіў ад палітычнай камісіі сябра сябра сацыялістычнай групы лёрд Джат зь Вялікай Брытаніі. Апісаўшы ў агульных рысах сытуацыю ў Чачні, катастрафічнае становішча ўцекачоў, страты абодвух бакоў і гуманітарную катастрофу ў прылеглых рэгіёнах, лёрд Джат, у прыватнасьці, зазначыў, што гэты крывавы канфлікт указвае на вельмі важныя рэчы, а менавіта на рост нацыяналізму ў Расеі. Вайна робіцца папулярнай, і мы павінны пагасіць гэты рост нацыяналізму ў ядзернай дзяржаве, – заклікаў ён.

У якасьці першачарговых захадаў Рада Эўропы патрабуе неадкладнага спыненьня ваенных дзеяньняў ў Чачні, пераходу да палітычных мэтадаў вырашэньня канфлікту, дазволу міжнароднай прысутнасьці ў рэгіёне, а таксама доступу туды прадстаўнікоў гуманітарных установаў і прэсы.

Асноўнае пытаньне, вакол якога вяліся спрэчкі – ці дапамогуць вырашыць сытуацыю ў Чачні жорсткія санкцыі супраць Расеі? Агульная аргумэнтацыя зводзілася да наступнага: калі пацьвердзіць паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі, гэта пакажа слабасьць Рады Эўропы, якая, нібыта, ня здольная ўжыць рэзкіх захадаў, і, у той жа час, узмоцніць экстрэмісцкія сілы ў Расеі; калі ж пазбавіць расейскую дэлегацыю статусу, гэта азначае ізаляцыю, новую бэрлінскую сьцяну.

Вырашана было пакуль устрымацца ад крайнасьцяў. Памяркоўныя дэпутаты заклікалі да кампрамісу, маўляў, прыпыніць права расейскай дэлегацыі галасаваць у Асамблеі і камітэтах да часу, пакуль ня будуць выкананыя рэкамэндацыі Рады Эўропы.

Рэзкім і ўпэўненым быў выступ міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова. Паводле ягоных словаў, Расея, па сутнасьці, абараняе агульныя межы Эўропы ад барбарскага наступу міжнароднага тэрарызму. Тэрарыстычная вось Афганістан – Цэнтральная Азія – Каўказ – Бальканы ў падачы міністра выглядала застрашліва. Ніякіх кампрамісаў у пытаньні тэрытарыяльнае цэласьці Расеі і канстытуцыйнае законнасьці быць ня можа, падкрэсьліў Ігар Іваноў.
У той жа час ён унес прапановы наконт магчымага ўкладу Рады Эўропы ва ўрэгуляваньне канфлікту. Рада Эўропы, напрыклад, магла б падключыць Паўночны Каўказ да сваіх праграмаў, а менавіта: рыхтаваць работнікаў мясцовага самакіраваньня, рыхтаваць судзьдзяў і работнікаў пракуратуры, спрыяць сістэме арганізаваньня адукацыі, псыхалягічнай рэабілітацыі дзяцей і жанчынаў, назіраць за выбарамі.
Ігар Іваноў выказаў спадзяваньне, што 26 красавіка пад час прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ўдзел у іх возьмуць і жыхары Чачні.

У выніку Парлямэнцкая Асамблея схілілася на карысьць пераносу слуханьняў на красавіцкую сэсію. У адпаведнасьці з тым, наколькі будуць выкананыя рэкамэндацыі, вырашыцца пытаньне са статусам дэлегацыі. Расея, такім чынам, атрымала так бы мовіць выпрабаваўчы тэрмін.

С просьбай выказаць сваё стаўленьне да рашэньня Парлямэнцкай Асамблеі я зьвярнулася да цяперашняга кіраўніка расейскай дэлегацыі, прадстаўніка камуністаў Сяргея Глотава. Што, на ягоную думку, з патрабаваньняў Рады Эўропы магла б выканаць Расея?

(Глотаў: ) "З гэтых патрабаваньняў будзе найбольш лёгкім, і, ў той жа час, гэта якаснае вырашэньне – стварэньне інфармацыйнага цэнтру на Паўночным Каўказе, арганізацыя падрыхтоўкі пракурорскіх і судовых спэцыялістаў, асобаў, якія працуюць ў мясцовым самакіраваньні…Я думаю, што гэта і паадрыхтоўка іншых заканадаўчых актаў і праектаў".

Як можна было зразумець і з выступу міністра замежных справаў Ігара Іванова, і з агульнай інтанацыі выступаў іншых расейскіх дэлегатаў, якімі б не былі ўльтыматумы Рады Эўропы, Расею яны не застрашаць і яна ня спыніць ваенных дзеяньняў у Чачні. Пра гэта я спыталася ў Сяргея Глотава:

(Глотаў: ) "Я думаю, так. І таму мала хто можа пахіснуць нашыя пазыцыі. Пытаньне сапраўды ў тым, ці будзе далей нашае супрацоўніцтва з Радай Эўропы – маштабным, ці гэтая праграма будзе звужацца. Калі нашыя паўнамоцтвы будуць замарожанымі, праграмы супрацоўніцтва будуць зьмяншацца. Палітычным турызмам ніхто займацца ня будзе – прыяжджаць, нешта тут выслухоўваць, але не прымаць удзелу ў галасаваньні".

Такім чынам, калі да красавіка Расея ня выканае ўмоваў, пастаўленых ёй Радай Эўропы, яна можа аказацца ў ізаляцыі, а разам зь ёй і Беларусь, якая цяпер юрыдычна змацаваная зь ёй разам.

(Глотаў: ) "Цалкам магчымы і такі сцэнар разьвіцьця падзеяў. Жалезная Заслона. Як варыянт я яго не выключаю. Але ад гэтага ніхто не набудзе".

(Карэспандэнт: ) " Скажыце, калі ласка, ужо даўно і ў расейскіх палітычных колах, ды й у беларускіх так сама, цыркулююць чуткі, ня выключанае разьмешчаньне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Вы не выключаеце такога разьвіцьця падзеяў. Наколькі з вашага пункту погляду рэальны такі сцэнар?"

(Глотаў: ) "Ад 26 студзеня мы жывем у саюзнай дзяржаве. Прынамсі, у Маскве ўжо адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі. Я думаю, калі НАТО будзе й надалей прасоўвацца на Ўсход – немінуча паўстануць усе гэтыя пытаньні…"

Гэтак лічыць цяперашні кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, камуніст Сяргей Глотаў.

З тымі ж пытаньнямі і просьбай падзяліцца ўражаньнямі я зьвярнулася да расейскага праваабаронцы Сяргея Кавалёва. Вось ягоная думка аб выступе расейскга міністра замежных справаў Ігара Іванова:

(Кавалёў: ) "Мая пазыцыя такая – выступ нашага міністра замежных справаў быў нахабнай і бессаромнай хлусьнёй. Ад першага да апошняга слова. Хлусьнёй, якую лёгка выкрыць. Калі ёсьць умовы для гэтага выкрыцьця. А калі нам даюць 4 хвіліны – такіх умоваў няма. Гэты выступ і сэнс гэтага выступу – безумоўна былі ўзгодненыя на дастаткова высокім узроўні. Думаецца, што з Пуціным. Я гавару, што юрыдычна ўрад Расеі, відавочна, заслугоўвае вельмі жорсткіх санкцыяў. Я таксама разумею патрэбу ва ўзважаным палітычным рашэньні, якое магло б прывесьці да большай эфэктыўнасьці крокаў Эўрапейскай супольнасьці. Але мне ўяўляецца самае адэкватнае рашэньне такім – не ашчаджаць і сабраць вельмі кароткую, адмысловую, надзвычайную сэсію – недзе ў сакавіку. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі".

Гаварыў расейскі праваабарнца Сяргей Кавалёў.

Між тым, паводле падлікаў Рады Эўропы, на тое, каб аднавіць адзін толькі Грозны, спатрэбіцца больш як адзін мільярд даляраў.