Навіны 24 студзеня 2000 г.

Вольга Караткевіч, Прага

У Харватыі адбываюцца прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя пасьля сьмерці ў сьнежні мінулага году прэзыдэнта Франьё Туджмана. Міжнародная грамадзкасьць чакае, што гэтыя выбары пакладуць канец аўтарытарнай палітыцы і эры Туджмана.

Кампанія выбараў прэзыдэнта Харватыі афіцыйна пачалася 8 студзеня.. Сёньня на выбарах за пост прэзыдэнта змагаюцца 9 кандыдатаў, якія сабралі 10 тысячаў галасоў у падтрымку. Асноўныя кандыдаты – Сьціпэ Мэсіч, Дражэн Будзіша і Маце Граніч.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, лідэрам у прэзыдэнцкіх выбарах – Сьціпэ Мэсіч - апошні прэзыдэнт Югаслаўскай Фэдэрацыі, якая развалілася ў 1991 годзе. Ён – намесьнік старшыні Харвацкай народнай партыі, прадстаўляе кааліцыю 4-х цэнтрысцкіх партыяў. Паводле словаў Мэсіча, у выпадку сваёй перамогі, значна абмяжуе паўнамоцтвы прэзыдэнта. Два іншыя кандыдаты – лідэр сацыял-лібэральнай партыі Дражэн Будзіша і міністар замежных справаў Маце Граніч. Яны таксама выступаюць за абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Міжнародныя структуры чакаюць ад харватаў перадусім супрацоўніцтва Міжнародным трыбуналам у справе вяртаньня ўцекачоў-сэрбаў дадому. Калі ў першым туры ніводзін з кандыдатаў у прэзыдэнты Харватыіі не атрымае больш за 50 галасоў, то другі тур галасаваньняў адбудецца 7-га лютага.

У якасьці даведкі: з 1945 да 1991 году Харватыя ўваходзіла ў склад Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі (пасьля Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі) у якасьці адной з шасьці рэспублік. У траўні 1990 году на першых шматпартыйных выбарах перамагла партыя Харвацкі дэмакратычны зьвяз. На травеньскім рэфэрэндуме 1991 году 94 удзельнікаў прагаласавалі з незалежнасьць краіны і 25 чэрвеня таго ж году Харватыя прыняла Дэклярацыю аб поўнай незалежнасьці і сувэрэнітэце. Прэзыдэнт Харватыі мае канстытуцыйныя паўнамоцтвы прызначаць прэм'ер-міністра, ухвалы кабінэта міністраў, зьяўляецца Вярхоўным галоўным камандзірам узброенных сілаў, прызначае дату выбараў парляманту, тэрміны рэфэрэндуму. З траўня 1990 году да сьмерці ў сьнежні быў Франьё Туджман, ён жа лідэр урадавай Хрысьціянскага дэмакратычнага зьвязу.

Насельніцтва Харватыі – 4 мільёны 490 тысячаў чалавек. З 1991 году ў краіне не праводзілася афіцыйнага перапісу. У 1991 годзе харватамі сябе назвалі каля 4-х мільёнаў чалавек, 580 тысячаў – сэрбамі. Каля 100 тысячаў чалавек назвалі сябе югаславамі, а 73 наагул адмовіліся назваць нацыянальнасьць. Афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што 135 тысячаў этнічных сэрбаў, пасьля няўдалага паўстаньня, перабраліся ў суседнюю Югаславію і Босьнію. Лістападаўская лічба беспрацоўны – 20.4 адсотка.

Учора і сёньня ў Харватыі мясцовым сродкам масавай інфармацыі забаронена ўзгадваць тэму прэзыдэнцкіх выбараў. Пра тое, як ідзе галасаваньне, колькі чалавек аддалі свае галасы і хто перамог – жыхары Харватыі даведаюцца з замежных сродкаў масавай інфармацыі. Першымі ймя новага прэзыдэнта ці кандыдатаў на другі тур галасаваньня будуць ведаць слухачы Харвацкай службы Радыё Свабода.