Навіны 24 студзеня 2000 г.

Уладзімер Глод, Менск

Сёньня ў Страсбуру пачынаецца штоквартальная сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, пад час якой 25-га й 26 студзеня будзе разгледжаная гэтак званая "беларуская праблема".

Зь ініцыятываю разгледзець становішча ў Беларусі выступілі палітычны камітэт, якім кіруе швайцарац Віктор Руфі, і справаздаўца па Беларусі Вольфганг Бэрандт, які адначасова ўзначальвае дэлегацыю парлямэнтарыяў Нямеччыны.

У Страсбур запрасілі кіраўніка рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына, кіраўніка кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка, а таксама дзьве парлямэнцкія дэлегацыі: Вярхоўнага Савету на чале з Анатолем Лябедзькам і гэтак званага Нацыянальнага Сходу пад кіраўніцтвам Уладзімера Канаплёва. Разам з Лябедзькам у Страсбур накіраваліся ўчора Генадзь Цярэня й Сяргей Калякін.

Наколькі эўрапейскіх парлямэнтарыяў цікавіць сытуацыя ў Беларусі? У пэўнай ступені адказ на гэтае пытаньне быў дадзены ў Страсбуру яшчэ 14 студзеня, калі бюро Парлямэнцкай асамблеі ўдакладняла парадак дня маючай адбыцца сэсіі. Звычайна любое пытаньне на сэсіі разглядаецца на адным з трох узроўняў: непасрэдна на сэсіі, на бюро, на паседжаньні аднаго з камітэтаў. Што тычыцца Беларусі, дык было вырашана разгледзець сытуацыю двойчы – на камітэце й на сэсіі.

На самым высокім узроўні будзе разгледжана й пытаньне пра дзеяньні Расеі ў Чачні. Учора перад адлётам у Страсбур Сяргей Калякін заўважыў, што выключэньне Расеі са складу Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, на ягоную думку, мела б нэгатыўны ўплыў на беларускія справы. У такім выпадку Лукашэнку будзе прасьцей кансалідавацца з новым маскоўскім кіраўніцтвам і супольна адгарадзіцца ад астатняй Эўропы жалезнай заслонаю.

Анатоль Лябедзька лічыць: у Страсбуру дэлегацыя Вярхоўнага Савету павінна паведаміць Радзе Эўропы, што беларускія ўлады не выконваюць свае абяцаньні, якія неаднаразова давалі розным міжнародным арганізаціям, у тым ліку й самой Радзе Эўропы.

Нагадаю, што першыя слуханьні па Беларусі ў Страсбуру адбыліся яшчэ ў чэрвені 1997 году, другія – у красавіку 1999-га.

Як сувэрэнная дзяржава, Беларусь сярод іншых постсавецкіх краінаў у свой час атрымала статус «адмыслова запрошанага». Аднак узьняцца на наступную прыступку й стаць паўнапраўным сябрам міжнароднай арганізацыі не змагла. Больш таго, згубіла нават тое, што мела… 13 студзеня 1997 году Бюро Парлямэнцкай асамблеі вырашыла пазбавіць Беларусь статусу «адмыслова запрошанага». Прычына – гэтак званы рэфэрэндум у лістападзе 1996 году.

Такім чынам, зараз за бортам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы застаюцца толькі Югаславія і Беларусь.