Навіны 14 студзеня 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня экс-міністар сельскае гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве й крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці й пакараны чатырма гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Сам былы міністар па-ранейшаму сваёй віны не прызнае і заяўляе, што галоўная роля ў ягоным асуджэньні належыць Аляксандру Лукашэнку.

Прыкладна гадзіну зачытваў судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Віктар Чартовіч прысуд Васілю Лявонаву. Па бальшыні з прад'яўленых абвінавачаньняў Лявонаў быў апраўданы, аднак і таго, што прызнана даказаным, аказалася дастаткова, каб адправіць былога міністра ў турму агульным тэрмінам на чатыры гады ды яшчэ сканфіскаваць усю ягоную маёмасьць.

Судом прызнана, што Лявонаў атрымаў у якасьці хабару або скраў харчоў і рэчаў на суму 115 тысячаў дэнамінаваных рублёў – гэта каля 130 даляраў ЗША. У Беларусі такая сума лічыцца "асабліва буйной" і цягне асабліва жорсткае пакараньне.

Недаказанымі суд прызнаў абвінавачаньні ў нанясеньні дзяржаве значна большых стратаў. Так, у эпізодзе зь фірмаю "Рустінвэст", як лічыла сьледзтва, фігуравалі страты памерам 614 тысячаў дэнамінаваных рублёў. У два з паловаю мільёны новых рублёў ацанілі сьледчымі страты аб'яднаньня "Нафтан", да якіх таксама быццам бы спрычыніўся міністар Лявонаў. Усе гэтыя абвінавачаньні суд палічыў недаказанымі.

Зняў ён зь Лявонава й падазрэньне ў злачынным захаваньні зброі – суд палічыў, што пратакол ператрусу ў загарадным доме Лявонава, у выніку чаго былі знойдзеныя баявыя патроны, складзены з парушэньнямі.

Аднак цікава, што на гэтыя парушэньні суд адмыслова не адрэагаваў. Без увагі засталіся і іншыя ўчынкі сьледчых, якія былі названыя адвакатамі фальсыфікацыяй доказаў. А вось у тым, што Лявонаў – злачынца, судзьдзі не сумняюцца. Пры гэтым судзьдзя Чартовіч абвесьціў, што зачытаны ім прысуд канчатковы й касацыйнаму перагляду не падлягае.

Грамадзкі абаронца ад Гэльсынскага камітэту Барыс Звозкаў, камэнтуючы прысуд, не хаваў свайго абурэньня. "…Гэта проста чарговая "пірава перамога" ваяўнічага невуцтва й цемрашальства", – заявіў абаронца. Ён вызначыў як грубае парушэньне фундамэнтальнага права грамадзяніна на абарону той факт, што прысуд абвешчаны "канчатковым".

Сам Васіль Лявонаў, камэнтуючы прысуд, каротка сказаў, што ўсё ж верыць у перамогу справядлівасьці, толькі ня ведае, калі гэта адбудзецца. Лявонаў паўтарыў журналістам, што ні ў чым не вінаваты, а на пытаньне вашага карэспандэнта, ці мае Аляксандар Лукашэнка дачыненьне да ягонага асуджэньня, адказаў: "Першачарговае. Гэта ён усё заказаў".

Навошта Лукашэнку спатрэбілася распраўляцца зь Лявонавым, апошні не ўдакладніў. "Ёсьць шмат нюансаў, усяго не перакажаш", – сказаў былы міністар і разьвітаўся з прысутнымі, падзякаваўшы ўсім за маральную падтрымку. Было бачна, што Лявонаў хоча хутчэй зьнікнуць з поля ўвагі журналістаў. Пра пачуцьці, якія ў гэтыя хвіліны перажываў былы міністар, можна здагадацца, паслухаўшы камэнтары ягонае дачкі Сьвятланы й жонкі Антаніны.

Сьвятлана Ўласава: "…Я не спадзявалася на іншы прысуд, і ўсё ж я проста абураная. Абураная тым, як гэта ўсё было паказана. Паказалі, што ён дробны махляр – так атрымліваецца! Дзяржаўны дзяяч аказаўся дробным махляром! Скраў 8 зэдлікаў і 6 матрацаў, якія ў судзе шукалі 3 месяцы. Гэта ж сьмешна й несур'ёзна", – лічыць дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава.

А жонка экс-міністра Антаніна заявіла пра яўна палітычны сэнс справы. Антаніна Лявонава: "…Што гэта палітычная справа, усім зразумела. Вы чулі сёньня, у чым яго абвінавацілі і ў чым апраўдалі. А абвінавацілі, грунтуючыся на паказаньнях зусім хворага чалавека", – сказала жонка Лявонава пра паказаньні сьведкі Яўстратава, які сьцьвярджаў, што вазіў хабар Лявонаву з "Расьвету".

Далей Антаніна Лявонава сказала, што ёй сорамна за тое, што адбываецца ў Беларусі, і ў прыватнасьці за дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі.

Прысуд Васілю Лявонаву ўвайшоў у моц зь сёньняшняга дню. Больш за два гады, якія Лявонаў правёў у сьедчым ізалятары, яму залічаныя. Такім чынам былы міністар выйдзе на волю не пазьней за 11 лістапада 2001 году. Месца, дзе ён будзе адбываць пакараньне, пакуль ня вызначанае.