Навіны 11 студзеня 2000 г.

Мікола Іваноў, Прага

Злучаныя Штаты Амэрыкі ўступілі ў новае тысячагодзьдзе з надзвычай добрай і спрыяльнай унутранай эканамічнай сытуацыяй. Паказчыкі гаспадарчага росту б'юць усе магчымыя рэкорды. Расьце матэрыяльны дабрабыт практычна ўсіх катэгорыяў насельніцтва: ад найбяднейшых да найбагацейшых. Але нягледзячы на гэтую вонкавую ідылію, ў Амэрыкі ёсьць свае праблемы. Якія? На гэтае пытаньне ў газэце "International Herald Tribune"спрабуе адказаць вядомы амэрыканскі публіцыст Дэвід Бродэр.

Надзвычайны эканамічны рост, піша Дэвід Бродэр, для амэрыканскага ўраду сымбалізуе сабой унікальнае павелічэньне адлічэньняў у фэдэральны амэрыканскі бюджэт. Упершыню за многія гады фэдэральны бюджэт зводзіцца без дыфіцыту, а ўрад мае магчымасьць прыступіць да рэалізацыі шматлікіх сацыяльных і іншых праграмаў, на якія раней не было грошай.

Сацыяльныя паказчыкі Амэрыкі таксама добрыя. Зьніжаецца ўзровень злачыннасьці, разводаў, цяжарнасьці сярод моладзі і колькасьць абортаў. Падвышаецца колькасць вернікаў розных рэлігіяў, колькасьць студэнтаў ва ўнівэрсытэтах. Гвалт ўсё яшчэ застаецца агульнанацыянальнай праблемай, але некаторыя гарады ажыцьцяўляюць сьпэцыяльныя праграмы скарачэньня колькасьці зброі ў прыватных руках. Яны выкупляюць зброю і абмяжоўваюць дзейнасьць гандляроў зброяй.

На міжнароднай арэне, піша Дэвід Бродэр на старонках "International Herald Tribune", ЗША таксама ня маюць канкурэнцыі, як у галіне ваеннага патэнцыялу, так і, праўдападобна, у галіне палітычных уплываў. Амэрыка дапамагла ў заключэньні міру ў Паўночнай Ірляндыі, амэрыканская дыпляматыя адыгрывае ключавую ролю ў перамовах паміж Ізраілям і Сырыяй і паміж Ізраілям і палестынцамі.

Зразумела, ня ўсё цалкам ружова складецца для Амэрыкі. Нягледзячы на ўсе ваенныя высілкі ЗША, Саддам Гусэйн па-ранейшым пры ўладзе, і не дазваляе інспэктарам ААН ажыцьцяўляць іх місію. Будучыня Расеі і Кітаю, дзьвюх краінаў, якія, бяспрэчна, знаходзяцца ў цэнтры амэрыканскіх вонкавых інтарэсаў, даволі змрочная.

На думку Дэвіда Бродэра, ЗША небеспадстаўна крытыкуюць за тое, што яны паводзяць сябе на сьвеце вельмі незалежна, выкарыстоўваючы свае ўплывы ў розных рэгіенах без уліку інтарэсаў іншых краінаў.

Амэрыканскую грамадзкую думку мала цікавяць шматлікія трагічныя канфлікты ў Афрыцы ці Азіі. Паведамленьні пра крывавыя злачынства тамака мала кранаюць сьвядомасць нацыі. Увогуле, амэрыканская замежная палітыка – гэта пераважна справа вельмі абмежаванай акадэмічнай і палітычнай эліты.

Але ці ня сьведчыць гэта аб тым, што ЗША на шляху да ізаляцыянізму, ці ня сьведчыць гэта аб тым, што Амэрыка ў хуткім часе можа адмовіцца накіроўваць войскі дзеля міратворчых місіяў у сьвеце з мэтай недапушчэньня разрастаньня лякальных канфліктаў?

Дэвід Бродэр нэгатыўна адказвае на гэтае пытаньне. Ён лічыць, што пагрозы адмовы ЗША ад актыўнай ролі ў сусьветнай палітыцы няма, нягледзячы на тое, што ў асноўным амэрыканцы не выказваюць энтузыязму ў адносінах да свайго ўраду і даволі песымістычна ставяцца да сваёй палітычнай сыстэмы.

Увогуле, часам амэрыканскія выбаршчыкі непрадказальныя. У 1992 годзе яны не абралі прэзыдэнтам Джорджа Буша, нягледзячы на ягоныя посьпехі ў заканчэньні халоднай вайны і ў перамозе над Садамам Гусэйнам. А ў 1994 годзе яны прыпынілі амаль 40-гадовую перавагу дэмакратаў у палаце прадстаўнікоў амэрыканскага кангрэсу, а таксама забралі ў дэмакратаў кантроль над сэнатам. У 1998 годзе, падчас сэксуальнага скандалу ў Белым Доме, калі рэспубліканцы намагаліся арганізаваць імпічмэнт прэзыдэнта Біла Клінтана, вынікі апытаньняў грамадзкай думкі выразна прадэманстравалі рост папулярнасьці прэзыдэнта. Амэрыканская грамадзкая думка была выразна супроць пазбаўленьня Клінтана ўлады.

Таму і цяпер, лічыць Дэвід Бродэр, так цяжка прадказаць вынік прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў лістападзе сёлета. Сярод кандыдатаў-дэмакратаў – віцэ-прэзыдэнт Эл Гор, былы сэнатар Біл Брэдлі. У рэспубліканцаў лідэрамі прэзыдэнцкай гонкі зьяўляюцца губэрнатар Джордж Буш малодшы і сэнатар Джон Маккейн. Але хто б не перамог, сьцьвярджае Дэвід Бродэр на старонках "International Herald Tribune", гэта будзе чалавек памяркоўных палітычных поглядаў, зь вялікімі адміністратыўнымі дасьведчаньнямі.