Навіны 06 студзеня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларускія ўлады вырашылі перагледзець гранічна дапушчальныя нормы ўтрыманьня радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня. Да канца 2000 года плянуецца зрабіць больш жорсткімі стандарты радыяцыйнае чысьціні малака й мяса. Каб пераканаць чыноўнікаў, што цяперашнія нормы небясьпечныя для здароўя, адмыслоўцам у праблемах Чарнобылю спатрэбілася больш як дзесяць гадоў.

Пра перагляд гранічна дапушчальных нормаў афіцыйна паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту па Чарнобылю Іван Кенік. Паводле ягоных словаў, адносна мяса стандарты радыцыйнае чысьціні стануць больш жорсткімі прыкладна ў два разы, адносна малака – на 50%. Сп. Кенік таксама сьцьвярджае, што прадукцыя сельскае гаспадаркі ў Беларусі ў 99-м годзе стала больш чыстай дзякуючы мінэральным угнаеньням, якія нібыта спрыяюць вываду радыёнуклідаў з глебы.

Аднак чаму гэтыя стандарты не зрабілі больш жорсткімі раней? Бо ў Беларусі да сёньняшняга дню дазваляецца прадаваць тыя ж мяса й малако з узроўнем радыянуклідаў адпаведна 500 і 100 бэкерэляў. Гэта ў некалькі разоў перавышае міжнародныя стандарты радыяцыйнае чысьціні.

У Дзяржаўным камітэце па Чарнобылю нашаму радыё паведамілі, што адразу прывесьці беларускія нормы ў адпаведнасьць зь міжнароднымі патрабаваньнямі не было магчымасьці. Маўляў, вельмі ўжо вялікая тэрыторыя была забруджаная ў 1986 годзе. Цяпер такая магчымасьць зьявілася дзякуючы як прыродным фактарам (натуральны распад радыяцыйных рэчываў), так і захадамі ў ачысцы забруджанае тэрыторыі.

Іншая думка на гэты конт у вядомага адмыслоўца ў праблемах Чарнобылю, дырэктара Інстытуту радыяцыйнае бясьпекі Васіля Несьцярэнкі. Вучоны лічыць, што больш жорсткія радыяцыйныя нормы можна было ўвесьці даўно, як гэта зрабілі ў Расеі ды ва Ўкраіне, дзе стандарты чысьціні прадуктаў адпавядаюць міжнародным.

На думку сп. Несьцярэнкі, прычынаю нежаданьня ўладаў рабіць нормы жорсткімі зьяўляецца дзейнасьць нацыянальнае камісіі па радыяцыйнай абароне насельніцтва, якая фактычна выступае лябістам вытворцаў сельгаспрадукцыі і дыктуе сваю волю таму ж Дзяржаўнаму камітэту па Чарнобылю. Акадэмік Несьцярэнка гаворыць, што такія адносіны ўладаў наўпрост парушаюць нацыянальнае заканадаўства па сацыяльнай абароне насельніцтва ад наступстваў Чарнобыльскае катастрофы.

А вось меркаваньне наконт увядзеньня жорсткіх стандартаў іншага адмыслоўцы, прэзыдэнта Сацыяльна-экалягічнага зьвязу "Чарнобыль" Васіля Якавенкі:

(Якавенка: ) "У нас не было палітыкі, каб лякалізаваць распаўсюджваньне радыёнуклідаў з Чарнобыльскай зоны. Яна ўся ў нас расплылася і працягвае расплывацца па ўсёй рэспубліцы.

Якім чынам? Мы даўно білі трывогу, што там засяваюць і вывозяць адтуль забруджанае зерне. Там і скаціна адкормліваецца. Не заўсёды кантроль устаноўлены, і наогул, пільнасьць і спэцыялістаў, і структураў дзяржаўных, розных кантрольных функцый – яна затухла.

І тут, безумоўна, калі ня браць больш строгія нормы ўтрыманьня радыёнуклідаў, дык трагедыя нашая яшчэ боьшаю будзе".

Праўда, некаторыя адмыслоўцы лічаць, што цяпер увесьці больш жорсткія нормы чысьціні сельскагаспадарчае прадукцыі ўладам будзе няпроста, бо такое новаўвядзеньне не адпавядае фінансавым інтарэсам многіх чыноўнікаў і ведамстваў.