Навіны 05 студзеня 2000 г.

Юрась Карманаў, Менск

У Кіеве 4 студзеня падпісана пагадненьне пра супрацоўніцтва паміж Маладым Фронтам і Маладзёвым кангрэсам украінскіх нацыяналістаў (МКУН). Пра гэта нашаму радыё сёньня паведаміў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

Паводле ягоных словаў, акцэнт у пагадненьні зроблены на правядзеньні супольных палітычных акцыяў, патрэба ў якіх узмацнілася пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні Хаўрусу Беларусі й Расеі. Ня выключана, што прадстаўнікі МКУН будуць браць удзел у традыцыйнай акцыі "Беларусь у Эўропу", якая адбудзецца ў Менску 14 лютага.

Ад Маладога Фронту пагадненьне падпісаў прадстаўнік гэтай арганізацыі Андрэй Дзьвігун. Ад Маладзёвага кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў – старшыня Віктар Рог.