Навіны 04 студзеня 2000 г.

Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня створаная Лукашэнкам гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" разглядала праект бюджэту на 2000 год. Найбольш значныя выдаткі прадугледжаныя на сельскую гаспадарку і праваахоўныя структуры.

На паседжаньні гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" урад прысутнічаў амаль у поўным складзе. Быў і прэм'ер-міністар Сяргей Лінг. У размове з журналістамі ён заявіў, што аптымістычна глядзіць на эканамічныя пэрспэктывы на 2000 год. Паводле меркаваньня Лінга, Беларусь ужо перажыла найбольш складаны пэрыяд у 1999 годзе. Прэм'ер зазначыў: "У 99-м годзе мы пераадолелі наступствы фінансавага крызысу".

Лінг распавёў, што ў выніку расейскага крызысу ўрад быў вымушаны пайсьці на вялікую інфляцыю і падвышэньне коштаў. Аднак прэм'ер лічыць, што ўзровень дабрабыту беларусаў не паменшыўся.

Паводле Лінга, пасьля зьмены кіраўніцтва ў Расеі інтэграцыйныя працэсы актывізуюцца і ў выніку павялічыцца расейская эканамічная дапамога Беларусі. Прэм'ер не выключае, што расейцы могуць прэтэндаваць на ўласнасьць беларускіх прадпрыемстваў, але лічыць, што ўрад можа кантраляваць гэты працэс і захоўваць пакеты акцыяў беларускіх прадпрыемстваў з правам вета.

У той жа час Лінг заявіў, што ўрад ня хоча залежаць ад дапамогі з боку міжнароднага валютнага фонду. "Такая дапамога патрэбная нам толькі як сыгнал для інвэстараў". Дарэчы, сёньня інвэстыцыі ў Беларусі складаюць каля 20 даляраў на чалавека ў год.

Урад, здаецца, лічыць, што Беларусь – багатая краіна. Выдаткі на праваахоўныя структуры й сельскую гаспадарку значна павялічыліся ў параўнаньні зь леташнімі. І справа ня толькі ў інфляцыі. Да прыкладу, выдаткі на праваахоўныя ворганы павысіліся ў тры разы ў параўнаньні зь мінулым годам. Яны складуць больш за 127 мільярдаў рублёў. Для параўнаньня, выдаткі на навуку будуць каля 38 мільярдаў, а на прамысловасьць, энэргетыку і будаўніцтва складуць толькі 24,5 мільярда рублёў.

Значна вырасьце фінансаваньне сельскай гаспадаркі. У бюджэце закладзены невялікі рост выдаткаў. Але памеры выдаткаў пазабюджэтнага фонду на падтрымку сельгасвытворцаў у параўнаньні зь мінулым годам падвысяцца больш чым на 450 адсоткаў. Дарэчы, зборы ў пазабюджэтныя фонды ў параўнаньні зь мінулым годам будуць павялічаныя. Падтрымка неэфэктыўнай сельскай гаспадаркі зноў стане цяжкай праблемаю для беларускіх прадпрыемстваў і падаткаплацельшчыкаў.