Навіны 22 сьнежня 1999 г.

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Жыхары Гомельскае вобласьці па-ранейшым гаспадараць на заражаных радыёнуклідамі землях і спажываюць заражаныя прадукты. Колькасьць выяўленьня такіх фактаў не зьмяншаецца. І вінаватыя ў гэтым не заўсёды тыя, хто спажывае такія харчы.

У Добрускім раёне, які лічыцца на Гомельшчыне ня самым забруджаным, мясцовы Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі зарэгістраваў ажно 11 населеных пунктаў, дзе прадукты харчаваньня не адпавядаюць рэспубліканскім дапушчальным узроўням утрыманьня радыёнуклідаў цэзію і стронцыю.

Дзяржаўныя стратэгі, што заклікаюць людзей вяртацца ў радыёактыўныя вёскі, пагаджаюцца з наяўнасьцю праблемы заражанага малака, а вось да такіх прыродных дароў, як рыба, ягады, дзічына, ставяцца грэбліва, маўляў, ніхто не прымушае чалавека ісьці ў лес па грыбы або на рэчку па рыбу. Праўда пры гэтым такія забываюцца, што, напрыклад, кіляграм селядца каштуе ў краме больш за 700 тысячаў рублёў, і што нават мізэрны заробак вяскоўцы не атрымліваюць па 4-5 месяцаў.

Трэба адзначыць і яшчэ адну асаблівасьць праблемы. Беларускія дапушчальныя ўзроўні заражэньня прадуктаў надзвычай лагодныя нават у параўнаньні з расейскімі. У нас малако лічыцца чыстым, калі ў ім на кіляграм утрымліваецца да 100 бікэрэляў радыёцэзію. У Расеі, паводле тамтэйшых санітарных нормаў, гэты паказчык удвая меншы. Так што значная частка радыёнуклідаў у харчах, у тым ліку і ў Добрускім раёне, хаваецца пры дапамозе зацьверджаных дапушчальных узроўняў.

Тым часам навукоўцамі даказана, што каля 80 адсоткаў дозы ўнутранага апраменьваньня чалавека фармуецца за кошт заражаных харчоў.