Навіны 16 сьнежня 1999 г.

Ганна Навумовіч, Менск

Гандлёвыя стасункі Беларусі з Польшчаю. Сытуацыя ў сфэры вонкавага гандлю ў сувязі са становішчам на валютным рынку. Думка віцэ-прэзыдэнта Зьвязу прадпрыймальнікаў Беларусі Аляксандра Патупы.

Пачну з камэнтара чалавека, які згадзіўся распавесьці пра вонкагандлёвую дзейнасьць беларускіх прадпрыймальнікаў, але толькі ананімна. Ён патлумачыў, што не зацікаўлены, каб ягоны голас гучаў па радыё, таму што ня хоча праблемаў з уладамі.

Паводле меркаваньня гэтага прадпрыймальніка, для замежных (у прыватнасьці, расейскіх) прадпрыемстваў умовы працы ў Беларусі значна больш ільготныя, чым для беларускіх. Найперш гэта тычыцца пасярэднікаў. Беларускія пасярэднікі павінны плаціць рэнтавы збор пры правядзеньні бартэрных апэрацыяў, а нерэзыдэнты рэнтавы збор не плацяць. Таму іхныя паслугі таньнейшыя за паслугі беларускіх прадпрыемстваў.

Толькі беларускія экспартэры павінныя ў абавязковым парадку прадаваць значную частку атрыманае валюты. Праўда, існуе грувасткая сыстэма ільготаў, але яна не вырашае праблему. У той жа час прадпрыймальнікі лічаць, што неабходнасьць продажу валюты вельмі адмоўна ўплывае на вонкавы гандаль. Валюту дзяржава вымушае прадаваць паводле курсу, які значна ніжэйшы за рынкавы. У выніку прадпрыемствы-экспартэры застаюцца без значнай часткі заробленых грошай.

Паводле меркаваньня віцэ-прэзыдэнта Зьвязу прадпрыймальнікаў Беларусі Аляксандра Патупы, дзяржава падштурхоўвае прадпрыймальнікаў да нелегальнай дзейнасьці. Спадар Патупа пракамэнтаваў гэтую сытуацыю ў інтэрвію нашаму радыё.

(Карэспандэнтка: ) "Як адбіваецца на вонкагандлёвай дзенасьці сытуацыя з валютаю ў Беларусі?"

(Патупа: ) "Канвэртацыя валюты – адно з галоўных пытаньняў. Калі фірма атрымала рублёвыя прыбыткі за прадукцыю, якая была завезеная з-за мяжы й набытая за валюту, фірме неабходна вярнуць свае выдаткі і атрымаць прыбыткі, прычым у валюце. Гэта патрэбна, каб ізноў набыць тавар. Сёньня вялікая праблема ў тым, каб набыць валюту за заробленыя рублі. Таму кошты ў фірмаў на імпартовыя тавары вельмі высокія. Добра вядома, што эквівалент даляру ў фірмах значна перавышае курс на чорным рынку. Сёньня розьніца значна перавышае 100 тысячаў рублёў. Фактычна ня йснуе лягальных схэмаў канвэртацыі – ёсьць толькі сумнеўныя схэмы з пасярэднікамі.

Гэта тычыцца й працы "чаўнакоў". Яны, дарэчы вядуць экспартава-імпартовыя апэрацыі ў вялізных маштабах. Дзейнасьць "чаўнакоў" параўнальная з агульным гандлёвым абаротам Беларусі.

Можна з упэўненасьцю казаць, што даляры, якія атрымліваюць чаўнакі, атрымліваюцца нелегальна. У гэтай сфэры ў нас створанае крымінагеннае заканадаўства, якое блякуе нармальны працэс гандлёвых апэрацыяў. І гэта ў першую чаргу адлюстроўваецца на коштах на імпартовыя тавары для насельніцтва. Фірмы вымушаныя рэзка падвышаць рублёвыя кошты. Церпіць ад гэтага насельніцтва. У прыватнасьці, імпартовыя лекі зараз можна набыць у Беларусі толькі па фантастычных коштах".

Гэта быў віцэ-прэзыдэнт Зьвязу прадпрыймальнікаў Аляксандар Патупа.

Паводле вынікаў дзесяці месяцаў, сёлета Беларусь нечакана дасягнула станоўчага сальда ў гандлі з Польшчаю. Станоўчае сальда зусім невялікае – менш за 1 мільён даляраў. Экспарт зь Беларусі ў Польшчу падвысіўся са 148 мільёнаў даляраў за 10 месяцаў летась да 164 мільёнаў сёлета.

Імпарт з Польшчы скараціўся больш прыкметна. Калі за 10 месяцаў летась ён склаў амаль 230 мільёнаў даляраў, то за аналягічны пэрыяд сёлета – толькі 163 мільёны.

Скарачэньне беларуска-польскага гандлю пракамэнтаваў гандлёвы дарадца польскай амбасады Станіслаў Пахарыла.

(Пахарыла: ) "Галоўная прычына зьмяншэньня польскага экспарту ў Беларусь ў тым, што беларускія суб'екты гаспадараньня ня маюць магчымасьці набываць цьвёрдую валюту. Мы глыбака аналізавалі сытуацыю і прыйшлі да гэтае высновы.

У беларускіх прадпрыемстваў ёсьць зацікаўленасьць у польскіх таварах, але няма магчымасьці разьлічыцца. Вялікую адмоўную ролю адыгрывае мноства курсаў. Калі йснуе такая вялікая розьніца, зразумела, што прадпрыемствы не жадаюць працаваць паводле курсу Нацыянальнага банку.

З-за недахопу грошай у Беларусі шмат бартэрных апэрацыяў. Праца па бартэру вельмі ненадзейная. Ніколі не вядома, ці будзе ў беларускага боку неабходны тавар. Нельга назваць нармальнай сытуацыю, калі на адзін і той жа тавар існуюць розныя кошты – адзін кошт для нутранага рынку, другі – для экспарту. Тавар павінны мець толькі адзін кошт.

За апошнія гады зьмянілася структура тавараў, у якіх зацікаўленая Беларусь. Раней беларусы куплялі шмат газаваных напояў, маянэзы, сокі. Цяпер вытворчасьць такіх прадуктаў ёсьць і ў самой Беларусі. Адчуваецца таксама канкурэнцыя вытворцаў зь іншых краінаў на гэтым рынку".

(Карэспандэнтка: ) "Традыцыйна найбольш актыўны гандаль вядзецца з суседнімі краінамі. Ці зьяўляецца Беларусь значным партнэрам для Польшчы?"

(Пахарыла: ) "Зараз гандаль з Беларусьсю не адыгрывае значнай ролі ў польскім вонкавым гандлі. Экспарт у Беларусь складае меней за 1 адсотак ад агульных аб'ёмаў польскага экспарту. Мы хацелі б, каб гандлёвыя сувязі разьвіваліся. Выкарыстоўваюцца ня ўсе магчымасьці, якія сёньня ёсьць дзеля гэтага".