Навіны 15 сьнежня 1999 г.

Вольга Караткевіч, Прага

Міжнародны Трыбунал у Гаазе абвесьціў самы жорсткі прысуд за ўсю гісторыю свайго існаваньня. Вядомая расейская дысыдэнтка Елена Бонэр абвінавачвае Захад у двайных стандартах у пытаньнях правоў чалавека. Аглядальнік "International Herald Tribune" гаворыць, што для ірацкага прэзыдэнта Садама Гусэйна суайчыньнікі – гэта матэрыял для мацаваньня ўлады.

Басьнійскі сэрб Горан Елісіч, вядомы пад мянушкай "сэрбскі Адольф", быў асуджаны Міжнародным трыбуналам у Гаазе да 40-гадовага зьняволеньня. Гэта самы жорсткі прысуд за ўсё шасьцігадовае існаваньне Міжнароднага трыбуналу у ваенных злачынствах.

Горан Елісіч прызнаны вінаватым у забойствах і катаваньнях мусульманскіх вязьняў у канцлягеры, створаным у раёне гораду Брчко ў 1992 годзе. У той час Елісічу было 23 гады. У незвычайна гнеўным прысудзе суду адзначаная брутальнасьць злачынстваў "сэрбскага Адольфа".

Дзеяньні былога сельскага мэханіка басьнійскага сэрба Горана Елісіча, які стаў камандзёрам турмы і лічыў сябе падобным да Гітлера, названыя ў пастанове Гааскага трыбуналу "шокам для сумленьня чалавецтва". Узброены пісталетам Елісіч выводзіў вязьняў на двор, ставіў тварам да будынку, некаторых прымушаў апусьціцца на калені і забіваў двума стрэламі ў патыліцу. Аднаму вязьню, харвату, перад тым як забіць, Елісіч адрэзаў вушы.

Асуджаны Горан Елісіч прызнаў сябе вінаватым.

Злачынствы ірацкага прэзыдэнта Садама Гусэйна аналізуе газэта "International Herald Tribune". Гусэйн абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавецтва. Злучаныя Штаты памыляюцца, калі дабіваюцца абвінавачваньня Гусэйна і ягоных паплечнікаў міжнародным трыбуналам. У прамове пад час Ірацкага нацыянальнага кангрэсу ў Ню-Ёрку амэрыканскі пасланец у надзвычайных справах Дэвід Шэфэр абвесьціў 9 галоўных крымінальных эпізодаў, зьвязаных з Гусэйнам. Як мінімум тры працягваюцца й цяпер. У памянёныя 9 эпізодаў уваходзіць ірацкая атрутная газавая атака супраць уласнага народу ў Галябіі ў 1988 годзе, выкарыстаньне атрутнага газу супраць Ірану пад час ірана-ірацкай вайны, а таксама экспэрымэнты над людзьмі. Дэвід Шэфэр заявіў, што "ўрад Злучаных Штатаў будзе настойваць на адхіленьні ад улады клікі ірацкіх крымінальнікаў і прыцягненьні іх да адказнасьці. Гэта было б значна больш гуманна ў параўнаньні з тым, што яны робяць з сотнямі тысячаў ахвяраў".

На думку аўтара публікацыі Рэйчэла Бронсама, праблема з папулярнымі сярод актывістаў у галіне правоў чалавека і ў амэрыканскім кангрэсе ваеннымі трыбуналамі ў тым, што яны ахвяруюць жыцьцямі жывых для таго, каб зьдзейсьніць справядлівасьць для памерлых.

Вядомая расейская дысыдэнтка Елена Бонэр ў лісьце, прымеркаваным да 10-годзьдзя сьмерці ейнага мужа Андрэя Сахарава, абвінаваціла Захад у двайных стандартах. "Калі ходзіць пра сапраўдную палітыку, Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў амаль заўсёды аддае перавагу правам дзяржаваў над правамі чалавека", – піша Бонэр. Гэты ліст надрукаваны ў штотыднёвіку "Московские новости". "Гэта немагчыма зразумець, чаму людзі ўсходняга Тымору маюць права на правядзеньне рэфэрэндуму і чаму аддзелы ААН бароняць гэтыя правы, у той час як касавары, якіх НАТО бароніць ад генацыду, такога права ня маюць. Чаму 40 мільёнаў курдаў ня маюць права на самавызначэньне, і чаму міжнародная супольнасьць дэ факта прызнае палітыку генацыду супраць курдаў? Чаму Расеі была дазволена першая вайна ў 1994 –1996 гадох, і чаму дазволеная цяпер другая вайна, якая пераўтвараецца ў палітыку генацыду супраць чачэнскага народу?" – Пытаецца Елена Бонэр.

Елена Бонэр абвінавачвае расейскага прэзыдэнта ў безадказных дзеяньнях, калі ён памахаў сваім ядзерным чамаданчыкам у мінулы чацьвер, крытыкуючы прэзыдэнта Біла Клінтана. У тэлеграме, якую Ельцын ськіраваў Елене Бонэр, расейскі прэзыдэнт сказаў (цытую) "з кожным годам духоўны запавет Сахарава становіцца больш зразумелым мільёнам расейцаў".