Навіны 14 сьнежня 1999 г.

Валянціна Аксак, Менск

Таварыства Беларускае Мовы мае намер бараніць канстытуцыйныя правы беларусаў у карыстаньні роднаю моваю і пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні хаўруснае беларуска-расейскае дзяржавы. Пра гэта заявіў нашаму Радыё старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што ў тэксце падпісанай Лукашэнкам ды Ельцыным дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы ўлічаныя прапановы Таварыства Беларускае Мовы. Гэтыя прапановы былі дасланыя актывістамі беларушчыны ва ўсе фракцыі Думы Расеі, а таксама ў вадпаведныя структуры Беларусі. У выніку, на думку сп. Трусава, канчатковы тэкст дамовы йстотна адрозьніваецца ад першапачатковага ў пытаньнях, якія датычныя мовы хаўрусу.

(Трусаў: ) "Я ўважліва прачытаў апошнюю вэрсію гэтай дамовы, якую толькі аднойчы за доўгі час надрукавалі па-беларуску ў "Зьвяздзе". І там, дарэчы, зьявіліся зьмены. Зьявіўся новы запіс, што ўсё ж-такі у гэтай так званай саюзнай дзяржаве будуць дзьве дзяржаўныя мовы, ня будзе парушацца канстытуцыйны статус гэтых моваў, хаця рабочай мовай будзе расейская. І яшчэ напісана ў канцы, што падпісана па-руску і па-беларуску, чаго раней не было. Гэта значыць, што змаганьне ТБМ супраць гэтай дамовы з фармальнага боку справы, як ні дзіўна, у Маскве было ўлічана".

Гэтыя саступкі ён ня лічыць вялікаю перамогаю грамадзкіх беларускіх патрыятычных арганізацыяў. Папраўкі датычныя толькі захаваньня фармальнага статусу беларушчыны ў новым дзяржаўным утварэньні.

Але, на думку сп. Трусава, нават у такіх умовах ёсьць мажлівасьці бараніць нацыянальныя каштоўнасьці Беларусі. І гэта даказвае прыклад Татарстану.

(Трусаў: ) "Я маю падручнікі па гісторыі Татарстану, яны напісаныя зусім ня так, як падручнікі, напісаныя, напрыклад, у Маскве. Гэта ўлічваючы тое, што Татарстан – неад'емная частка Расейскай Фэдэрацыі. Таму мы на гэтую справу глядзім так: мы, канешне, выступалі і будзем выступаць супраць гэтых саюзных дамоваў, бо зразумела, што любая інкарпарацыя беларусі ў Расею, гэта – моцны ўдар па ўсім беларускім. Але ўлічваючы, што мы ў Расеі ўжо былі, і ўсё ж-такі расейская каланіяльная машына ня здолела зьнішчыць беларускую мову і культуру нават у часы расейскіх імпэратараў, калі, нават, слова "Беларусь" было забароненане, дык нават, калі нас часова ў Расею забяруць, то мы, канешне, не загінем. Іншая справа, што сытуацыя рэзка зьменіцца, і адкінутыя мы будзем на гадоў 50-70 назад".

Але такая драматычная сытуацыя можа скласьціся ў выніку новых, больш радыкальных дамоваў. А падпісаную сп. Трусаў ацэньвае наступным чынам:

(Трусаў: ) "Гэта толькі дэклярацыя. Намер стварыць гэтую саюзную дзяржаву. Гэта значыць, у Маскве ніхто ніякай саюзнай дзяржавы ніхто не ствараў, і гэта нас радуе, і гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што мы павінны змагацца, каб гэтай рэальнай дзяржавы не было".

Заявіў Алег Трусаў.