Навіны 29 лістапада 1999 г.

Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 27 лістапада)
Эканамічны агляд мінулага тыдня.

Зьвяртае на сябе ўвагу адмысловая нарада, якую на сярэдзіне адыходзячага тыдню правёў Аляксандар Лукашэнка з вышэйшымі чыноўнікамі ўраду і адміністрацыі. Вырашана, што прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на будучы год застануцца харчовая бясьпека, экспарт тавараў і жыльлёвае будаўніцтва. Гэтыя ж мэты абвяшчаліся й сёлета, але, напрыклад, аб'ём сельскагаспадарчае вытворчасьці ўжо скараціўся болей як на 10%, а экспарту – на ўсе 20%.

Можа, ёсьць посьпехі ў жыльлёвым будаўніцтве? На ягоныя вынікі ня можа ўплываць ані сьпякотнае лета, ані непасрэдна вайна ў Расеі…

Але й тут пахваліцца няма чым. На пачатак кастрычніка коштам усіх крыніцаў фінансаваньня ўведзена толькі 2 млн. квадратных мэтраў жыльля, або ўсяго 56% ад гадавога пляну.

Паводле сьведчаньня будаўнікоў, да канцу году плян жыльлёвага будаўніцтва будзе недавыкананы мінімум на 20%. І гэта пры тым, што ў буйных гарадох – Менску, Гомелі, Магілеве ды іншых – толькі адзін з трох жыхароў ня мае вострае патрэбы ў жыльлі.

Прычына такога правалу ў жыльлёвым будаўніцтве – скарачэнне крэдытаваньня. Патрэба ў крэдытах сёлета была роўная 100 трыльёнам рублёў, а атрымалі будаўнікі толькі 40 трыльёнаў. Вось і рассыпаўся будаўнічы прыярытэт.

Асабліва небясьпечны рост незавершанага будаўніцтва. Плошча недабудаванага жыльля павялічылася з пачатку году да сярэдзіны восені больш як у 2 разы. Каб дабудаваць гэтыя кватэры, патрэбна, як мінімум 360 трлн. ільготных крэдытаў. А абяцаюць выдаткаваць толькі 20, або 6% ад патрэбнага.

І вось у гэтых умовах тры дні таму Лукашэнка выклікаў для справаздачы намесьніка прэм'ер-міністра Генадзя Навіцкага і запатрабаваў павялічыць аб'ём будаўнічых работаў у наступным годзе, пакінуць нязьменным жыльлёвы прыярытэт ды скараціць кошты будаўніцтва. Наколькі гэта рэальна?

Плянуецца рэзка скараціць ільготнае крэдытаваньне да 40-60 трлн. рублёў, каб не сілкаваць інфляцыю. Але гэтых грошай ня хопіць нават дзеля таго, каб дабудаваць пачатае сёлета.

Па-другое, раіцца шырэй прыцягваць сродкі насельніцтва. Але ў людзей, якія маюць патрэбу ў жыльлі, грошай няма. А рабочаму чалавеку, каб пабудаваць невялікую двухпакаёвую кватэру, трэба працаваць, анічога не спажываючы, мінімум трыццаць год.

Па-трэцяе, загадана нарасьціць будаўніцтва жыльля прадпрыемствамі. Але дзе яны возьмуць грошай, калі няўхільна скарачаецца іх рэнтабельнасьць і расьце лік стратных фірмаў?

У тупіковай сытуацыі жыльлёвае будаўніцтва ў невялікіх гарадох. Зносіць індывідуальныя дамы – кватэры трэба даваць тым, хто страціў жыльлё. А будаваць на ўскраіне пасёлкаў – камунікацыі каштуюць даражэй, чым самое будаўніцтва.

Яшчэ адно выйсьце – значна скараціць кошты будаўніцтва. Кажуць, што будаваць дамы можна нават з саламяных блёкаў. Саломы ў нас дастаткова, вось толькі тэхналёгіяў ды досьведу няма.

Са сказанага вынікае, што лёс так званага «жыльлёвага» прыярытэту ў 2000 годзе наўрад ці будзе іншым, чым сёлета.