Навіны 25 лістапада 1999 г.

Галіна Айзенштадт, Менск

(эфір 24 лістапада)
Зь сёньняшняга дню ў Беларусі ўжо ў восьмы раз за гэты год падвышаныя цэны на гарэлку. Падаражэла й шампаньскае.

Людзі яшчэ не пасьпелі ачуняць ад сумнай навіны, якую ўлады абвясьцілі напрыканцы мінулага тыдню, калі амаль на 7% былі падвышаныя кватэрная аплата й камунальныя паслугі, на 16% – падагрэў вады, на 1,5% – кошт газу.

І вось чарговая і ўжо звыклая "сэнсацыя": зь сёньняшняга дню павялічваюцца цэны на гарэлку, у сярэднім на 5–10% (у залежнасьці ад якасьці).

Здаецца, не нашмат, але калі ўлічыць, што такое як быццам нязначнае падвышэньне адбываецца ледзь ня кожны месяц, дык яно даволі адчувальнае для кішэні спажыўца. Цяпер гарэлка каштуе ў 2–2,5 разы даражэй, чым на пачатку году.

І гэта, хутчэй за ўсё, не мяжа. Пасьля кожнага падвышэньня цэнаў неўзабаве становіцца ўсё цяжэй знайсьці гарэлку ў свабодным продажы. У выніку ўлады пад выглядам клопату пра насельніцтва робяць чарговы крок – павялічваюць цэны. Аргумэнт тут звычайна высоўваецца звыклы: няхай будзе й даражэй, затое можна купіць. А празь нейкі час сытуацыя паўтараецца.

Тое ж самае гаворыцца і ў адносінах да шампаньскага. Штогод перад навагоднім сьвятам Аляксандар Лукашэнка пачынае праяўляць так званы "бацькоўскі клопат" пра тое, каб на стале кожнага жыхара краіны абавязкова была хаця б адна бутэлька шампаньскага.

Гэта ўжо стала навязьлівым рытулам, традыцыяй, якая сьведчыць пра поўную бездапаможнасьць улады ў вырашэньні будзённых праблемаў. Бо ў якой нармальнай краіне патрэбна ўмяшальніцтва галоўнай асобы дзяржавы, каб вырашыць такое дробязнае пытаньне?

Лукашэнка ж "змагаецца" ня проста за бутэльку шампаньскага, але таннага шампаньскага для насельніцтва. Аднак сёлета на таннае разьлічваць не даводзіцца. Ужо да сёньняшняга дню бутэлька шампаньскага каштавала без дзьвюх тысячаў мільён рублёў. Зь сёньняшняга – на 5% даражэй. І гэта не мяжа. На Менскім заводзе шампаньскіх вінаў не выключаюць, што да канцу году шампаньскае падаражэе яшчэ на столькі ж.

Хутчэй за ўсё, на столькі ж падвысіцца й кошт гарэлкі ў наступным месяцы. У камітэце цэнаў пры Міністэрстве эканомікі хаця й адмовіліся камэнтаваць гэтае дапушчэньне, аднак і не абверглі яго.

Тут варта нагадаць, што мінімальны заробак у Беларусі сёньня складае ўсяго мільён чатырыста тысячаў рублёў. Яе хапае, па сутнасьці, усяго на адну бутэльку шампаньскага.