Навіны 22 лістапада 1999 г.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

(эфір 19 лістапада)
У Барысаве працягваецца перасьлед незалежнае газэты "Барысаўскія Навіны". Учора ўвечары яе заснавальніку й рэдактару Анатолю Букасу кіраўніцтва мясцовае гарадзкое падатковай інспэкцыі афіцыйна паведаміла, што за парушэньні падатковага заканадаўства рэдакцыя, якую ён ачольвае, аштрафаваная на 200 мільёнаў рублёў.

На пачатку лютага мінулага году ў эфіры "Радыё Свабода" прагучэла інтэрвію з новым кіраўніком Барысаўскага гарадзкога выканаўчага камітэту Васілём Бургуном. Тады спадар Бургун сказаў, што ў адрозьненьне ад свайго папярэдніка, ён ставіцца да незалежнай мясцовай прэсы аб'ектыўна. Прынамсі, "Барысаўскія Навіны" не цкуюцца, як такое было некалі за старшынём Капульцэвічам.

І насамрэч, нейкі час гарадзкі выканаўчы камітэт да газэты ставіўся больш-менш аб'ектыўна. На ейных старонках выступаў і сам Васіль Бургун, і іншыя гарадзкія чыноўнікі. Але, паводле сьведчаньня рэдактара "Барысаўскіх Навінаў" Анатоля Букаса, такая аб'ектыўнасьць закончылася ў сьнежні мінулага году.

Тады ўпершыню за апошнія паўтары гады ў рэдакцыю завітала праверка з падатковай інспэкцыі. Сёлета ж падобныя праверкі надарыліся ў ліпені і ў кастрычніку – пачатку лістападу. Адначасова афіцыйныя асобы перасталі прадастаўляць "БН" інфармацыю. Як мяркуе спадар Букас, толькі таму, што не апраўдаліся надзеі гарвыканкамаўскага начальства на прыручэньне газэты – на яе старонках як і раней друкаваліся вострыя матэрыялы на палітычныя і сацыяльныя тэмы, крытыкавалася мясцовая адміністрацыя і кіраўніцтва краіны.

Апошняя праверка падаткоўцаў завяршылася для рэдакцыі дзьвюхсотмільённым штрафам, гэта прыкладна трыста даляраў ЗША ў эквіваленце. Сума надзвычай унушальная, калі мець на ўвазе ня вельмі багаты на грошы калектыў журналістаў і тэхнічных работнікаў.

Які ж характар мелі прэтэнзіі падаткоўцаў да "Барысаўскіх Навінаў"?

Распавядае Анатоль Букас:

(Букас: ) "На мой погляд, вельмі недарэчны. Напрыклад, калі тыраж газэты дастаўляўся з Воршы ў Барысаў, мы выкарыстоўвалі аўтамабіль з прычэпам, арандавалі – тыраж увесь не зьмяшчаўся ў салёне аўтамабіля. Аказалася, што друкарня афармляла накладную як транспартная накладная, а трэба было выкарыстоўваць таварна-транспартную накладную".

Цікава, што падатковая інспэкцыя спрабавала ўскосна ўцягнуць у справу нават амбасаду Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

Гаворыць Анатоль Букас:

(Букас: ) "Сказалі, што зусім нядаўна я пабываў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дык я павінен запоўніць дэклярацыю і паказаць, колькі каштавала гэтая паездка. А я ж ня ведаю, паездка фінансавалася амэрыканскім бокам. Калі я зьвярнуўся туды, там успрынялі гэта з абурэньнем, паколькі існуе нейкае пагадненьне міжурадавае".

Учора ўвечары, паводле словаў Анатоля Букаса, кіраўнікі падатковай інспэкцыі папярэдзілі: маўляў, калі з гэтай праверкі заснавальнік і рэдактар газэты ня зробіць "правільных" высноваў, то наступная рэвізія для яго асабіста можа скончыцца ўзбуджэньнем крымінальнае справы. Як мяркуе спадар Букас, хутчэй за ўсё высновы ён мусіць зрабіць палітычныя.