Навіны 03 лістапада 1999 г.

Алена Ціхановіч, Прага

Як паведамляецца, на 17 кіламетраў расцягнулася чарга аўтамабіляў на чачэнска-расейскай мяжы. Паводле агенцтва ў справах уцекачоў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, каля 10 тысяч чалавек зараз хочуць перабрацца з Чачні у больш бясьпечнае месца. Учора на саміце ў Осла амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан пэрсанальна зьвярнуўся да расейскага прэм'ера Уладзімера Пуціна, пераконваючы яго зьменшыць маштабы чачэнскае кампаніі.

Прэзыдэнт Клінтан у часе сустрэчы з расейскім прэм'ерам Пуціным, як паведамляе сёньня газэта "Ntw York Times", выказаў глыбокую занепакоенасьць працягам расейскіх вайсковых акцыяў у Чачні, у выніку якіх пакутуе мірнае насельніцтва.

Амэрыканскі прэзыдэнт пераконваў кіраўніка ўраду Расеі выбраць у развязцы канфлікту шлях палітычнага дыялёгу. У іншым выпадку Расеі пагражае страта міжнароднага аўтарытэту. Вашынгтон, як адзначае газэта, надае асаблівую ўвагу праблеме Чачні напярэдадні стамбульскага паседжаньня Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. Як Расея, так і ЗША, зьяўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі, куды ўваходзяць 54 краіны. Аднак расейскае наступленьне у Чачні, што выклікала шматтысячны паток уцекачоў, як мяркуюць амэрыканскія і эўрапейскія палітыкі, можа паглыбіць канфлікт паміж ЗША і Расеяй.

Прэзыдэнт Клінтан запэўніў прэм'ера Пуціна, што ЗША прызнаюць прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і права краіны абараняць сваіх грамадзянаў ад тэрарызму. Аднак амэрыканскі прэзыдэнт лічыць, што Масква пачала дзеля гэтых мэтаў ужываць палітыку, у якой зьмешваюцца чачэнскія паўстанцы і мірныя грамадзяне. І ў гэтым – галоўная прычына такой колькасці ахвяраў.

Сёньня амэрыканская газэта "Los Angeles Times" называе канкрэтныя імёны ахвяраў. Так 28-гадовая Сацыта Абдулаева і яе старэйшая сястра Маліка былі на мінулым тыдні параненыя ў часе бомбавай атакі. Аднак, дазволу перайсьці ў суседнюю Інгушэцію ім прыйшлося чакаць пяць дзён. Сёстры сьведчаць, што у калёне уцекачоў было шмат параненых.

Паводле прыблізных падлікаў яшчэ ад дзесяці да пятнаццаці тысячаў уцекачоў скапіліся на памежжы і хочуць пакінуць Чачню. Аднак памежныя пераходы ад 23 кастрычніка блякаваныя расейскімі войскамі. І хаця ў панядзелак было абвешчана пра іх адкрыццё, на самой справе, прайсьці кантрольна-прапускныя пункты змаглі толькі некалькі сотняў чалавек. З-за таго, што натоўп жадаючых быў нашмат большы, ў цісканіне дзьве жанчыны былі задушаныя да сьмерці.

Праблема заблякаванай мяжы таксама спрычынілася да яшчэ больш трагічнага выпадку, калі на мінулым тыдні канвой Чырвонага крыжа ня змог пераехаць ў бясьпечнае месца і трапіў пад абстрэл расейскай авіяцыі. У выніку, як паведамляе "Los Angeles Times", загінула 27 чалавек.

Учора ж жанчыны зь белымі сьцягамі прыйшлі з боку Інгушэціі на адін з кантрольна-прапускных пунктаў і прасілі расейскіх салдатаў прапусціць уцекачоў. Аднак іх просьба была марнаю, піша газэта. "Los Angeles Times" таксама адзначае, што расейскія войскі не дапускаюць журналістаў да месца скаплення ўцекачоў.