Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.

(эфір 4 кастрычніка)
Зьнікненьне людзей у Беларусі, з кожным днем выклікае ўсё большую і большую заклапочанасць міжнароднай супольнасьці. Зьнікненьне віцэ-сьпікэра беларускага парлямэнту Віктара Ганчара стала нагодаю для шырокага абмеркаваньня на старонках усясьветнага друку актуальнай сытуацыі ў Беларусі. Так, газэта "The New York Times" зьмясьціла артыкул пад загалоўкам "Беларусь бачыць, як зьнікаюць яе апазыцыянэры".

"Калі вечарам у чацьвер Віктар Ганчар паехаў у лазню, – так пачынаецца артыкул "The New York Times", – ён папрасіў сваю жонку паглядзець вечаровы выпуск навінаў. Але расказаць мужу аб тым, што яна пабачыла па тэлевізіі, жонка Ганчара так і не змагла". Ад 10 гадзінаў 45 хвілінаў вечара 16 верасьня Віктар Ганчар лічыцца зьнікшым.

Жонка Ганчара Зінаіда ўпэўненая, што выкраданьне ейнага мужа – справа ўладаў: "За намі ўвесь час сачылі, мы нават запісалі нумары машынаў, адна зь іх належыць супрацоўнікам прэзыдэнцкае аховы. Яні не маглі зьнікнуць бяз сьледу. І таму я перакананая, што гэта праца ўладаў".

Віктар Ганчар, піша "The New York Times", разам са сваім сябрам, незалежным выдаўцом Анатолем Красоўскім, не першыя дзеячы апазыцыі, хто зьнікнуў у Беларусі бязь весткі. Да гэтага такі самы лёс спаткаў былую старшыню Нацыянальнага банку Беларусі Тамару Віньнікаву й былога міністра нутраных справаў Юрыя Захаранку.

Лідэры беларускае апазыцыі лічаць, што за выкраданьнем людзей стаіць прэзыдэнт Беларусі. Але, як лічыць аўтар артыкулу ў "The New York Times" Майкл Вайнс, апазыцыя настойвае, а заходнія назіральнікі падазраюць, а урад Беларусі востра гэтаму запярэчвае, што гэта вельмі хвалюючы пераходны пункт для рэжыму. Дасюль Аляксандар Лукашэнка дазваляў сабе толькі кідаць за краты на кароткі тэрмін і зьбіваць сваіх палітычных апанэнтаў. Калі б ён пачаў выкрадаць людзей, дык гэта б азначала, што ягоны рэжым перайшоў да больш высокай ступені сваёй агрэсіўнасьці.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў адмысловай заяве ад 21 верасьня паведаміў, што ўрад ЗША вельмі заклапочаны зьнікненьнем людзей і заклікае беларускія ўлады знайсьці й абараніць тых, хто зьнік.

Як падкрэсьліў адзін амэрыканскі дыплямат у Менску, для тых, хто тут ужо крыху пажыў, і хто ведае, што такое супольнасьць пад строгім кантролем, найбольшы неспакой выклікае тое, што ў гэтым грамадзтве адсутнасьць інфармацыі – гэта ўжо сама па сабе інфармацыя. Тое, што урад дасюль ня можа сказаць анічога дакладнага ў справе знікненьняў – крыху дзіўная рэч".

Нягледзячы на крызысны стан беларускае гаспадаркі й недахоп прадуктаў харчаваньня, Лукашэнка, якога "The New York Times" называе "цьвердалобым камуністам", да апошняга часу моцна трымаў уладу ў сваіх руках, і толькі мінулай вясною, калі апазыцыя паспрабавала правесьці прэзыдэнцкія выбары, прадугледжаныя канстытуцыяй, пазыцыя Лукашэнкі захісталася.

Ад гэтага часу ўлады Беларусі ўвесь час узмацняюць свой ціск на апазыцыю.

Ганчар, які быў адным з галоўных арганізатараў выбараў, быў арыштаваны на 10 дзён. У турме яго зьбівалі, над ім зьдзекваліся. Пасьля таго, як ён абвясьціў галадоўку, яго прымусова кармілі.

Акрамя зьнікненьня лідэраў апазыцыі, некаторыя зь іх вымушаныя, каб не паўтарыць лёс Ганчара, уцякаць з краіны. Старшыня распушчанага Лукашэнкам парлямэнту Сямён Шарэцкі вымушаны быў уцячы ў Летуву.

А пакуль няма інфармацыі пра лёс тых, хто зьнік, Менск, сталіца Беларусі, перапоўнены плёткамі й чуткамі. Гавораць, што Віньнікава, якая пагражала раскрыць фінансавыя злоўжываньні на самай вяршыні беларускае ўлады, выкупіла сябе прыстанішча ў Ізраілі. Улады ж сьцьвярджаюць, што яе трэба шукаць на Захадзе.

Аднак, а ні яна, а ні Захаранка за апошнія чатыры месяцы не падалі голасу, і таму вельмі праўдападобна, што яны не хаваюцца ў нутры Беларусі, лічыць газэта "The New York Times".

Зьнікненьне Ганчара і ягонага сябра стала нечаканасьцю для заходніх дыпляматаў у Менску, асабліва для супрацаўнікоў адмысловае місіі Араганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе. Менавіта яны апошнім часам арганізоўвалі перамовы паміж уладамі ды апазыцыяй, каб знайсьці шлях вяртаньня Беларусі да дэмакратыі. Цяпер у зьвязку са справаю Ганчара гэтыя перамовы зайшлі ў тупік.

Амэрыканскія афіцыйныя асобы паведамілі, што Лукашэнка публічна паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб знайсьці Ганчара. У сапраўднасьці ж, усё адбываецца нааварот. Улады распаўсюджваюць інфармацыю аб тым, што Ганчар і ягоны сябра заблыталіся ў даўгах і таму былі выкрадзеныя крымінальнікамі.

Першы кіраўнік дэмакратычнае Беларусі Станіслаў Шушкевіч скамэнтаваў сёньняшнюю сытуацыю наступным чынам. На ягоную думку, ўрад пачаў праводзіць палітыку дзяржаўнага тэрарызму.

"Супроць тых, каго ўлады не ў стане абвінаваціць ў нейкіх выдуманых крымінальных злоўжываньнях, – цытуецца на старонках "The New York Times" Станіслаў Шушкевіч, – рыжым выкарыстоўвае тактыку іх зьнікненьня. І гэта робіцца, каб яшчэ больш умацаваць дыктатуру".

Захад, на думку Шушкевіча, вінаваты ў тым, што ня здолеў востра пратэставаць пасьля першых зьнікненьняў людзей, і гэта яшчэ больш заахвоціла ўлады дзейнічаць такім чынам. Афіцыйнае расьсьледваньне ў справе Захаранкі было распачатае толькі ў верасьні, хаця зьнік ён у красавіку.

Агляд падрыхтаваў Мікола Іваноў, Прага

Гэты артыкул таксама зьмясьціла сёньня (5 кастрычніка 1999) газэта "International Herald Tribune".