Навіны 24 верасьня 1999 г.

Зварот Эўрапейскага Зьвязу да беларускіх уладаў з заклікам зрабіць усё магчымае дзеля гарантаваньня бясьпекі Віктара Ганчара быў распаўсюджаны Фінляндыяй ад імя 15 краінаў-сябраў ЭўраЗьвязу і краінаў, якія прэтэндуюць на сяброўства ў гэтай арганізацыі. Да гэтай жа заявы ўжо далучылася Летува. Міністэрства замежных справаў Летувы дадаткова выказала заклапочанасьць арыштам былога прэм'ер-міністра Беларусі Міхала Чыгіра…

Фінляндыя, нагадаем, зараз старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе. Сёньня мы затэлефанілі ў Гэльсынкі й папрасілі пракамэнтаваць заяву ЭўраЗьвязу спадара Іро Каарынена, загадчыка аддзелу Эўрапейскага Зьвязу ў справах Усходняе Эўропы і Цэнтральнае Азіі. Вось што ён нам паведаміў:

(Каарынен: ) "Некалькі дзён таму мы былі паведамленыя пра зьнікненьне спадара Віктара Ганчара, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі. Пазаўчора Эўрапейскі Зьвяз правёў паседжаньне ў Брусэлі працоўнае групы ў справах Усходняе Эўропы й Цэнтральнае Азіі, і гэтая група вырашыла апублікаваць заяву ў справе спадара Ганчара. У заяве выказаная глыбокая заклапочанасьць Эўрапейскага Зьвязу зьнікненьнем спадара Ганчара. Эўрапейскі Зьвяз заклікае беларускія ўлады зрабіць усё магчымае каб знайсьці мейсцазнаходжаньне спадара Ганчара й гарантаваць ягоную бясьпеку. Эўрапейскі Зьвяз спадзяецца, што расьсьледваньне прынясе хуткія вынікі. эўрапейскі Зьвяз таксама нагадвае беларускім уладам, што абставіны ранейшых зьнікненьняў спадарыні Тамары Віньнікавай, былой старшыні Нацыянальнага банку, і гэнэрала Юрыя Захаранкі, былога міністра нутраных справаў дагэтуль невядомыя".

(Вядучая: ) "Спадар Каарынен, ці спадзяецеся Вы, што беларускі ўрад неяк адрэагуе на гэты заклік?"

(Каарынен: ) "Яны ўжо адрэагавалі, паведаміўшы дэлегацыю АБСЭ ў Менску, што паліцэйскае расьсьледваньне ўжо распачатае".

(Вядучая: ) "Як Вы мяркуеце — ці можа пачацца перамоўны працэс да высьвятленьня лёсу Ганчара?"

(Каарынен: ) "Я лічу й спадзяюся, што гэтая справа павінна быць высьненая як найхутчэй, каб яна не адбілася адмоўна на заплянаваныя перамовы".

вядучая Алена Ціхановіч, Прага