Навіны 21 верасьня 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Гарадзкая пракуратура Менску ўзбудзіла крымінальную справу паводле факту зьнікненьня выканаўцы абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара й гэнэральнага дырэктара фірмы "Красіко" Анатоля Красоўскага. Аднак, жонка Ганчара Зінаіда паведаміла, што да яе трапіла інфармацыя аб тым, што праваахоўныя ворганы замаруджваюць дасьледваньне справы. Сёньня жонкі Ганчара й Красоўскага наведалі амбасады Францыі ды Вялікай Брытаніі. Учора ўвечары яны сустрэліся з амбасадарамі ЗША і Польшчы ў Беларусі…

Пакуль што жонкі зьніклых Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага зрабілі значна больш за афіцыйнае сьледзтва — яны склалі свой уласны пратакол мейсца злачынства, у якім на трох старонках зафіксавалі ўсе акалічнасьці зьнікненьня сваіх мужоў. На фотаздымках зь мейсца падзеяў зафіксаваная кроў, мятыя кусты, а таксама бітае шкло. Нагадаю, што й само мейсца падзеяў адшукалі не міліцыянты, а жонкі. Пратакол агляду мейсца злачынству перададзены ў прэсу і ў заходнія амбасады.

Зінаіда Ганчар паведаміла, што не спадзяецца на пасьпяховасьць афіцыйнага сьледзтва. 20 верасьня гарадзкой пракуратураю Менску ўзбуджана крымінальная справа паводле факту зьнікненьня Ганчара й Красоўскага. Аднак, спадарыня Ганчар заявіла, што паводле крыніцы з праваахоўных ворганаў дадзены загад максімальна замарудзіць хаду сьледзтва.

У зьвязку з гэтым Зінаіда Ганчар зьвярнулася зь лістом да шэфа КГБ Уладзімера Мацкевіча:

"Вы ня можаце не разумець,-- піша Зінаіда Ганчар, — што выкраданьне Ганчара — гэта палітычнае злачынства, якое ўжо выклікала абурэньне ва ўсім сьвеце. таму вы, як легітымны старшыня КГБ, зацьверджаны Вярхоўным Саветам, абавязаныя зрабіць усе неабходныя дзеяньні, каб адшукаць майго мужа й знайсьці арганізатараў і выканаўцаў гэтага злачынства. У адваротным выпадку КГБ і Вы асабіста будзеце несьці адказнасьць як арганізатары злачынства".

Сваю пазыцыю жонкі Ганчара й Красоўскага давялі да амбасадараў заходніх краінаў. Учора й сёньня Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская наведалі амбасады Францыі, Нямечыны, Польшчы, Вялікай Брытаніі ды ЗША.

Ірына Красоўская паведаміла нашаму радыё:

(Красоўская: ) "Ва ўсіх амбасадах, якія мы наведалі, да нас паставіліся вельмі добра... Я вельмі ўдзячна ўсім тым, хто дапамагае нам — хто як можа. Я ніколі не займалася палітыкаю і ня вельмі ёю цікавілася. я ня ведаю, хто і як будзе дапамагаць, але мне б хацелася, каб усе людзі, у каго яшчэ хоць троху ёсьць розуму — каб яны задумаліся над тым, што адбываецца ў нашай краіне. Таму што тое, што адбылося сёньня з маім мужам і з Ганчаром — можа здарыцца з кожным чалавекам, які жыве ў гэтай краіне".

Ірына Крсаоўская спадзяецца, што двое яе дачок здолеюць убачыць свайго бацьку.

Да пошуку Ганчара й Красоўскага далучылася й жонка Міхала Чыгіра Юлія.