Навіны 13 верасьня 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дзяжурныя службы беларускае міліцыі перайшлі на асаблівы рэжым працы — узмацнілі ахову мейсцаў масавага скапленьня людзей, дыпляматычных прадстаўніцтваў, транспарту й сыстэмаў забесьпячэньня, а таксама мейсцаў дысьлякацыі сваіх аддзелаў. Гэтак беларуская міліцыя адказала на тэрарыстычныя акты апошніх дзён у Маскве.

Сёньняшні тэрарыстычны акт у Маскве падштурхнуў кіраўніцтва беларускае міліцыі да захадаў асаблівага характару. Паводле заявы прэсавае службы міністэрства нутраных справаў, на загад міністра Сівакова зь сёньняшняга дня ў асаблівым рэжыме будуць працаваць дзяжурныя службы міліцыі.

Што гэта азначае на самай справе, у прэсавай службе патлумачылі наступным чынам: "узмацняецца пільнасьць пастоў і дзяжурных, яны інструктуюцца на выпадак экстрэмальных сытуацыяў". Таксама ў заяве паведамляецца пра ўзмацненьне аховы міліцэйскіх частак і, асабліва, мейсцаў захаваньня зброі ды боезапасаў.

З аб'ектаў, якія знаходзяцца пад аховаю міліцыі, асаблівая ўвага надаецца дыпляматычным місіям, транспарту й сыстэмам забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці населеных пунктаў і гарадоў.

Беларуская міліцыя безпасярэдне заяўляе, супраць каго прадпрыймаюцца дадатковыя захады — супраць "тэрарыстаў, гандляроў зброяй, лідэраў арганізаванай злачыннасьці, наркадзялкоў, нелегальных эмігрантаў ды асобаў, схільных да несанкцыянаваных раскопак у мейсцах былых баёў". За ўсімі гэтымі людзьмі міліцыя абяцае ўзмацніць кантроль і розныя прэвэнтыўныя захады. Яны будут датычыць нават грамадзянаў іншых краінаў. Паведамляецца, што будзе абмежавана выдача ўязных візаў іншаземцам, якія падазраюцца ў сувязях з тэрарыстычнымі групоўкамі, а таксама прыпыненая выдача дазволаў на ўвоз розных выбуховых прыстасаваньняў.

Прэсавая служба міністэрства нутраных справаў заяўляе пра сваю ўпэўненасьць у тым, што сумеснымі разам з насельніцтвам намаганьнямі ўдасца не дапусьціць тэрарыстычных актаў у Беларусі.

Між тым на вуліцах Менску пакуль не заўважана ўзмоцненых патрулёў міліцыі. У звычайным рэжыме працуюць і службы, якія нясуць ахову дзяржаўных будынкаў. Спэцыялісты ня выключаюць, што заява міністэрства нутраных справаў ставіць галоўнай мэтаю не дапусьціць панічных настрояў сярод насельніцтва.