Навіны 03 верасьня 1999 г.

Віталь Тарас, Прага

Камэнтар дня

Некалі ў 30-я гады ў Нямеччыне Ўладзімер Набокаў напісаў апавяданьне "Вынішчэньне тыранаў". У ім ён апісаў унівэрсальны міжнародны тып тырана, які падыходзіць да ўсіх эпохаў. Як неабходная ды неад'емная ягоная якасьць прыводзіцца такая – правадыр мусіць гаварыць проста й незразумела. Акрамя таго, ён мусіць час ад часу сустракацца з простым народам і абавязкова цікавіцца сельскай гаспадаркаю.

Аляксандар Лукашэнка днямі вынайшоў, так бы мовіць, новую формулу народнага дабрабыту. Адказ на пытаньне – што патрэбна селяніну, быў сфармуляваны наступным чынам: "тэлевізар – самагон – сала". Ці, калі бліжэй да першакрыніцы – "Тэлевізар паглядзелі. Кілішак самагону выпілі. Салам добрым закусілі". Адразу ўзгадваецца славутая трыадзіная формула: "Праваслаўе, самаўладзьдзе, народнасьць".

Новая формула, калі задумацца, гучыць нават лепей, бо ўлічвае вынікі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Тэлевізар, які ўвесь час паказвае народу ягонага кіраўніка, а таксама праваслаўныя сьвяткаваньні, замяняе, так бы мовіць, і першае, і другое, і трэцяе. Ягонае ўзьдзеяньне на розум людзей настолькі моцнае, што ўжываньне такога моцнага сродку як самагон робіцца ўжо амаль не патрэбным. Але ж тэхнічны прагрэс – рэч сама па сабе не дасканалая і не гарантуе, што недзе некалі могуць надарыцца перабоі з элекрычнасьцю. У гэтым выпадку самагон цалкам можа замяніць відовішчы, а часам – і хлеб.

А вось сала, тым больш выраз "добрае сала", сапраўды няма чым замяніць. Дастаткова сказаць, што адэкватнага выразу, відаць, няма а ні ў воднай з усходнеэўрапейскіх моваў. Прыхільнікі здаровага ладу жыцьця ставяцца да тлушчу вельмі варожа ды разглядаюць яго як сынонім слова халестэрын. Ну, а пра вэгэтарыянцаў і гаварыць ня варта.

У канчатковым выпадку, якім бы чынам не перастаўляць словы ў формуле "тэлевізар – самагон – сала", ясна адное: беларускія, а тым больш "саюзныя" тэлевізары пры цяперашнім стане эканомікі ніколі не дасягнуць таго ўзроўню славы, якой карыстаюцца беларускія шкварка ды чарка.