Навіны 20 жніўня 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Магчымыя перамовы ўлады ды апазыцыі застаюцца галоўнай палітычнай тэмаю гэтага тыдня. Чатыры экспэртавыя групы, зацьверджаныя нарадаю апазыцыйных партыяў, мусяць выпрацаваць і прааналізаваць прапановы апазыцыі на перамовах з уладамі. У якасьці экспэртаў выступаюць сябры розных палітычных партыяў. Канчатковы склад экспэртавых групаў будзе вызначаны на наступным тыдні.

У кожную экспэртавую групу войдзе ад пяці да дзесяці чалавек, якія будуць займацца выпрацоўкай і аналізам прапавановаў па чатыром асноўным кірункам апазыцыйнай плятформы. Першая група займаецца праблемаю стварэньня свабоднага палітычнага клімату, вольнага ад страху й перасьледу. Другая каардынацыйная група — доступам апазыцыі да сродкаў масавае інфармацыі, трэцяя — выпрацоўкай працэдуры легітымізацыі дасягнутых пад час перамоваў з уладамі дамоўленасьцяў. Чацьвертая група фармальна называеца "экспэртавая група ў пытаньнях канстытуцыйнага й выбарчага права".

Але менавіта на чацьвертую экспэртавую групу прыпадае асноўны цяжар перамоўнага працэсу, бо менавіта гэтая група мусіць займацца распрацоўкай выбарчага заканадаўства, а таксама прапаноўваць мадэлі пабудовы будучага парляменту. Узначаліў гэтую групу сябра палітычнае рады Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Міхал Пліска. Нашаму радыё ён заявіў:

(Пліска: ) "Прыйдзецца ўнасіць нейкія зьмены ў Канстытуцыю 94-га году, і таму пытаньне аб паўнамоцтвах парлямэнту — гэта вельмі актуальнае пытаньне.

Да прыкладу, тры варыянты: калі гэта дзьвюхпалатны парлямэнт, то — як павінны паміж імі разьмяркоўвацца паўнамоцтвы, а таксама вельмі важнае пытаньне — як будзе абірацца й фармавацца верхняя палата парлямэнту: ці на ўсеагульных выбарах, ці туды будуць дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў вабласныя саветы й Менскі гарадзкі савет.

Верхняя палата парлямэнту мусіць фармавацца на ўсеагульных выбарах. Верхняя палата парлямэнту мусіць мець меншыя паўнамоцтвы за ніжэйшую палата парлямэнту.

Калі гэта аднапалатны парлямэнт, то — прэзыдэнцкая, ці парлямэнцкая рэспубліка? І як будуць разьмяркоўвацца паўнамоцтвы паміж заканадаўчай ўладаю і выканаўчай ўладаю. Ці нейкая прамежкавая сытуацыя, ёсьць чысты варыянт парлямэнцкае рэспублікі, калі прэзыдэнт абіраецца парлямэнтам".

(Карманаў: ) "Спадар Пліска, з вашых слоў я раблю выснову, што распрацаванага базыснага праэкту апазыцыі адносна фармаваньня будучага парлямэнту пакуль што няма?"

(Пліска: ) "Пакуль што няма, безумоўна, таму што зараз толькі будзе пачынацца праца. Ёсьць толькі нейкія напрацоўкі".

У гэтую ж экспэртавую групу ўвайшлі Сяргей Леўшуноў і журналіст Аляксандар Фядута, спэцыяліст у канстытуцыйным праве.

Затое групу па сродках масавае інфармацыі ачоліў экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхал Пастухоў. Разам зь ім будуць працаваць Уладзімер Глод і, хутчэй за ўсё, Мікалай Халезін. Ён выстаўляў сваю кандыдатуру на кіраўніка экспэртавае групы. І Мікалай Халезін стане кіраўніком у выпадку адмовы кіраваць Міхала Пастухова.

Групу ў пытаньнях стварэньня свабоднага палітычнага клімату ачоліў старшыня праваабарончага Цэнтру "Вясна'96" Алесь Бяляцкі.

Каардынаваць працу экспэртавых групаў будзе дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Данэйка. Нашаму радыё ён заявіў, што нават калі ў верасьні перамовы будуць сарваныя, то мадэлі, напрацаваныя экспэртавымі групамі, прыкладам, у выбарчым заканадаўстве й будучым парлямэнце, рана ці позна будуць запатрабаваныя.