Навіны 04 жніўня 1999 г.

Валянцін Жданко, Прага

Хоць пасьля Другой сьветнай вайны мінула ўжо больш як пяцьдзесят гадоў, некаторыя сьведчаньні, што датычаць трагедыі гэбрайскага народу, па сёньняшні дзень захоўваюцца ў сакрэце. Пра адну невядомую старонку Халакосту распавёў у апошнім нумары часопіса "Ды Вэльт" нямецкі журналіст Вольфганг Бушэр.

Былы нацыст, обэрштурмбанфюрэр СС Адольф Эйхман пажадаў захаваць гісторыю свайго жыцьця для нашчадкаў, калі трапіў у 1961 годзе ў ізраільскую турму. Ён пакінуў пасьля сябе перадсьмяротныя нататкі, своеасаблівы постскрыптум да злачынстваў. Эйхман ведаў, што рана ці позна гэтыя нататкі будуць запатрабаваныя.

Яго абвінавацілі ў цяжкіх злачынствах супраць гэбрайскага насельніцтва й супраць чалавечнасьці. Ён ведаў, што будзе павешаны.

Эйхман арганізоўваў масавыя дэпартацыі гэбраяў зь Нямеччыны й Аўстрыі за год да пачатку Другое сьветнае вайны. Ён жа з 1941 году кіраваў зьнішчэньнем эўрапейскіх гэбраяў. Пасьля вайны Эйхман зьнік зь Нямеччыны і аб'явіўся ў Аргентыне. Адтуль ён быў выкрадзены ізраільскімі спэцслужбамі, дастаўлены 20 траўня 1960 году ў Ерусалім і перададзены ў рукі ізраільскаму правасудзьдзю.

31 траўня 1962 году, неўзабаве пасьля апоўначы, Эйхман быў павешаны. Але да гэтага яму далі магчымасьць у камеры напісаць кнігу ўспамінаў. На працягу ўсіх мінулых гадоў кніга захоўваецца ў закрытых фондах Ізраільскага нацыянальнага архіву. Усе, хто меў дачыненьне да гэтай справы – сям'я Эйхмана , гісторыкі і журналісты – ведалі пра гэта. Але наўрад ці хто-небудзь зь іх мог бачыць гэтую кнігу. І яшчэ меней тых, хто мог яе чытаць. Патрабаваньні экспэртаў адкрыць доступ да ўспамінаў Эйхмана (прынамсі, для дасьледнікаў) ня выклікалі прыкметнае рэакцыі ў ізраільскім ўрадзе, нягледзячы на тое, што з часу сьмяротнага пакараньня мінула ўжо 37 год.

Ізраільскі гісторык Том Сегеў на працягу многіх гадоў дабіваецца доступу да тэксту Эйхмана, аднак зусім не таму, што спадзяецца знайсьці там якія-небудзь сэнсацыйныя зьвесткі пра Халакост.

"Кожны год урад абяцае нам зрабіць усё магчымае, і кожны год анічога не адбываецца", – гаворыць ён. – "Ізраільскі урад заяўляе, што адкрые ўсе архівы, якія датычаць Халакоста, і ў той жа час трымае многія дакуманты пад замком".

Сегеў кажа, што ня бачыць ніякага сэнсу ў тым, каб і далей трымаць кнігу Эйхмана у сакрэце. Гісторык называе яе "нецікавай" і называе беспадстаўнымі апасенні тых, хто мяркуе, што кніга здольная паказаць Халакост у нейкім новым сьвятле.

Апроч таго, сям'я Эйхмана мае права на ягоную спадчыну, у тым ліку на літаратурныя творы. Прычым , гэтыя людзі не зьяўляюцца неанацыстамі. Адзін з сыноў Эйхмана нават пісьмова адмежаваўся ад крымінальнага мінулага свайго бацькі.

Але нават калі б сям'я была нацысцкай, пісьмовая спадчына Эйхмана ўсё роўна належала б ёй. Нават калі б сям'я вырашыла выкарыстаць успаміны ў камэрцыйных мэтах, яна павінна мець такое права, – лічыць Сегеў.

Адзін з сыноў ката СС, зь якім размаўляў пра гэта Сегеў – прафэсар архэалёгіі Рыкарда Эйхман. Ён пагаджаецца з тым, што манускрыпт мусіць належыць грамадзтву. Прычым, для яго няважна, хто атрымае арыгінал, а хто – копію.

"Вядома, мы мусім дбаць пра бацькаву памяць", – гаворыць другі брат, Дытар Эйхман. – "І я паспрабую дамагчыся, каб нам аддалі ўсе тыя матэрыялы. Я ня думаю, што Ізраіль іх калі-небудзь агалосіць. Але яны зьяўляюцца ўласнасьцю нашае сям'і, а таму рана ці позна трапяць у нашыя рукі".

Цяпер сям'я зьбіраецца з гэтай мэтаю выкарыстаць паслугі адваката, хоць колішні адвакат Эйхмана Робэрт Сэрватыюс, які ўдзельнічау ў Ерусалімскім працэсе, яшчэ у 60-х гадах спрабаваў дамагчыся, каб рукапіс разсакрэцілі.

Дытар Эйхман лічыць, што турэмныя нататкі бацькі – гэта больш ці менш дакладна пераказаныя ягоныя заявы падчас Ерусалімскага працэсу, якія ўтрымліваюць некаторыя нечаканыя дэталі, а таксама асобныя матэрыялы працэсу, што раней не друкаваліся.

Адзін зь нямногіх, хто бачыў манускрыпт Эйхмана – Ягуда Баўэр, кіраўнік Ерусалімскага мэмарыялу ахвярам Халакосту "Яд Вашэм".

Ен расказвае, што меў магчымасьць знаёміцца з рукапісам толькі на працягу дзьвюх гадзінаў, а таму гэтае знаёмства было вельмі павярхоўным. Ён убачыў рукапісны фаліянт аб'ёмам у 1200 ці 1300 старонак, вельмі цяжкі для чытаньня. Першае ўражаньне ад знаёмства з рукапісам – тое, што Эйхман галоўным чынам імкнуўся пакінуць пасьля сябе штосьці для сям'і, а таксама, магчыма, для грамадзтва. Часткова гэта ўспаміны, часткова – камэнтары дакумэнтаў. Некаторыя цікавыя выказваньні, відавочна, зьявіліся пад ціскам абвінавачваньняў. У любым выпадку гэта – спроба Эйхмана хоць у чымсьці апраўдаць свой шлях.

За шэсьць месяцаў да таго, як яго выкралі, Эйхман, застаючыся на волі ў Аргентыне, даў вялікае інтэрвію аднаму галяндзкаму нацыянал-сацыялісту.

Тое, што Том Сегеў называе неапраўданым зацягваньнем і незразумелым рытуалам, які суправаджае праблему публікацыі манускрыпту Эйхмана, можа паўтарыцца і ў далейшым. Ягуда Баўэр лічыць, што рашэньне ізраільскага ўраду захаваць манускрыпт у сакрэце было апраўданым.

У апошні час шмат прыкметаў таго, што адносіны ізраільскага ўраду да гэтай праблемы мяняюцца. Якраз цяпер робіцца нямала сур'ёзных спробаў перагледзець рэжым сакрэтнасьці для некаторых падобных дасьледаваньняў.